Адмяняюцца два прамыя цягнікі з Мінска ў Варшаву і Прагу. Як цяпер дабірацца?

Цягнік "Паланэз" / aplo.spb.ru
Цягнік "Паланэз" / aplo.spb.ru

У пачатку снежня праз Беларусь перастануць курсаваць два міжнародныя цягнікі: пасля 8 снежня адмяняецца цягнік Масква — Варшава, пасля 10 снежня — Масква — Прага.

"Цягнікі 009Щ і 021Е спыняць сваё курсаванне пасля змены раскладу руху 8 снежня", — расказалі Еўрарадыё ў БЧ. Пад скарачэнне трапілі прамыя цягнікі, якія курсуюць паміж сталіцамі, — 009Щ "Паланэз" і 021Е "Влтава".

Пасля 8 снежня трапіць у Варшаву з Мінска можна будзе, як і раней, на транзітных цягніках. Іх застаецца тры: 023Й Масква — Парыж, 013М Масква — Берлін і 017Б Масква — Ніца. Цэны на білеты ад 182 да 1694 рублёў.

Таксама застаецца перасадачны маршрут праз Брэст. Спярша на электрычцы бізнес-класа да Брэста, а там перасаджваешся на цягнік да Варшавы. Цана такога маршруту складзе ад 45 да 80 рублёў.

А вось у Прагу на прамым цягніку, падобна, больш не трапіць. Апошні цягнік да Прагі адправіцца з Мінска 10 снежня. Кошт білета ад 400 да 730 рублёў. Пасля застануцца толькі прычапныя вагоны.

Авіяпералёты застаюцца без змен. З Мінска ў Варшаву кошт пералёту ад 150 рублёў без багажу і ад 190 рублёў з багажом у адзін бок. У Прагу ад 250 рублёў без багажу і ад 310 рублёў з багажом у адзін бок.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі