Аднавілі працу пашкоджанага падводнага кабеля паміж Фінляндыяй і Германіяй
Схема пралягання падводнага кабеля
Рамонтнікі ліквідавалі пашкоджанне падводнага кабеля тэлекамунікацый, які злучае Фінляндыю і Германію. Пра гэта піша выданне Yle са спасылкай на прэс-рэліз тэлекамунікацыйнай кампаніі Cinia.
Работы адбываліся ў выключнай эканамічнай зоне Швецыі, на ўсход ад вострава Эланд, і былі завершаныя ўвечары 28 лістапада.
Пра пашкоджанне кабеля паміж Хельсінкі і Ростакам стала вядома 18 лістапада. На наступны дзень міністр абароны ФРГ Барыс Пісторыус заявіў, што інцыдэнт можа быць вынікам дыверсіі. Такую ж версію агучыла пракуратура Швецыі. Расследаваннем інцыдэнта заняліся таксама ў Фінляндыі.
У пашкоджанні кабеля падазраюць кітайскі сухагруз Yi Peng 3, які ішоў з расійскага порта Усць-Луга. Паводле інфармацыі The Wall Street Journal, судна кінула якар і цягнула яго па дне больш за 100 марскіх міль (185 км). У выніку быў пашкоджаны таксама кабель паміж Літвой і Швецыяй.
Цяпер высвятляецца, ці было гэта зроблена наўмысна. Аднак спецыялісты мяркуюць, што верагоднасць такога сцэнара невысокая. Сам сухагруз затрымалі ў тэрытарыяльных водах Даніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.