Адстаўкі ва ўкраінскай уладзе і баі ў Данецкай вобласці — 335-я раніца вайны
Вайна ва Украіне працягваецца 11 месяцаў / facebook.com/GeneralStaff.ua/
Расіяне працягваюць "весці наступ на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках, нягледзячы на шматлікія страты са свайго боку", гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Гэта Данецкая вобласць.
На Бахмуцкім напрамку пад агнём былі раёны 15 населеных пунктаў, у тым ліку Бахмут, а таксама Красная гара і Кляшчэеўка. Расійскія рэсурсы пішуць пра "інтэнсіўныя баі" ў раёне Краснай гары, а таксама сцвярджаюць, што "атрады "вагнераўцаў" замацаваліся ў ваколіцах Кляшчэеўкі і вядуць наступ у бок вёскі Краснае".
Паўночней — на Купянскім кірунку — расійскія атакі былі адбітыя, кажуць у Генштабе УСУ. На Ліманскім, Новапаўлавскім, Запарожскім і Херсонскім напрамках расіяне бараніліся.
Пра магчымы правал наступлення на Запарожскім кірунку пішуць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW). "Расійскія войскі не дамагліся якіх-небудзь пацверджаных тэрытарыяльных заваёў у Запарожскай вобласці, нягледзячы на заявы аднаго расійскага акупацыйнага чыноўніка", — гаворыцца ў свежай справаздачы ISW. Такія заявы рабіў дэпутат ад акупацыйнай улады Уладзімір Рогаў.
Расійскія войскі рыхтуюцца да наступальнай аперацыі вясной ці ў пачатку лета 2023 года, цытуюць экспэрты ISW прадстаўнікоў украінскай выведкі. Яны таксама нагадваюць, што рабілі падобны прагноз. І амерыканскія аналітыкі, і ўкраінскія разведчыкі мяркуюць, што наступ расіян будзе ў Данецкай і Луганскай абласцях.
Тым часам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыняў шэраг кадравых рашэнняў. Пра гэта ён абвясціў у вячэрнім звароце. Зяленскі таксама распавёў, што дзяржслужачым і дэпутатам забароняць выязджаць за мяжу ў прыватных мэтах.
Украінскія СМІ пішуць, што заяву аб звальненні, у прыватнасці, напісаў намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Кірыл Цімашэнка. Нromadske нагадала пра расследаванне, у выніку якога высветлілася, што Цімашэнка ездзіць на пазадарожніку Chevrolet Tahoe, які Украіне перадала кампанія General Motors для гуманітарных місій і вывазу грамадзян з зоны баявых дзеянняў. Пасля гэтага Цімашэнка паабяцаў перадаць пазадарожнік ў прыфрантавыя вобласці.
Паведамляецца таксама пра адстаўку намесніка генпракурора Аляксея Сіманенкі. "Гэта той самы Сіманенка, які адправіўся з сям'ёй святкаваць Новы год у Марбеллю, скарыстаўшыся аўто бізнэсоўца Рыгора Казлоўскага", піша УНІАН. Украінскія СМІ мяркуюць, што могуць сысці ў адстаўку і кіраўнікі ваенна-грамадзянскіх адміністрацый Сумскай, Днепрапятроўскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей.
Першыя баявыя машыны пяхоты М2 Bradley павінны прыбыць ва Украіну ў бліжэйшыя тыдні. Пра гэта паведамляе "Голас Амерыкі" са спасылкай на чыноўніка Пентагона. У рамках двух апошніх пакетаў вайсковай дапамогі ЗША плануе перадаць Кіеву 109 БМП Bradley. Разам з бронемашынамі Stryker гэта дазволіць Украіне стварыць дзве брыгады бранятанкавай тэхнікі. Украінскія вайскоўцы цяпер праходзяць трэніроўкі на Bradley ў Германіі.
Нямецкі канцэрн Rheinmetall можа пры неабходнасці паставіць Украіне 139 баявых танкаў Leopard розных мадэляў. Але трэба рашэнне нямецкага ўрада. Пра гэта піша RND са спасылкай на прадстаўніка канцэрна. Пры гэтым 29 танкаў Leopard 2А4 могуць быць гатовыя да пастаўкі ўжо ў красавіку-траўні 2023 года. Яшчэ 22 танкі Leopard 2А4 трэба адрамантаваць — іх пастаўка магчымая ў канцы 2023-га — пачатку 2024 года. Акрамя таго Rheinmetall можа паставіць яшчэ 88 танкаў Leopard 1.
Тым часам Берлін чакае ад Варшавы запыту на дазвол перадаць Украіне свае танкі Leopard. Польшча зробіць гэта ў найбліжэйшыя дні, а перад тым паспрабуе заручыцца падтрымкай іншых краін. Пра гэта заявіў кіраўнік польскага МЗС Збігнеў Рау пасля сустрэчы міністраў замежных спраў Еўрасаюза ў Брусэлі, паведамляе Polskie Radio 24.
Рау растлумачыў, што цяпер Польшча спрабуе сабраць кааліцыю, каб перадаць больш танкаў. Ён таксама запэўніў, што Польшча паабяцала і перадасць танкі незалежна ад пазіцыі Германіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.