Агент па нерухомасці пра арэнду: Такіх коштаў на кватэры яшчэ не было!

Сталічная студэнтка Кацярына з Белаазёрска разам з бацькамі шукае кватэру ў Мінску ўжо некалькі тыдняў. Жыллё хочуць ажно за 350 долараў!

“У агенцтвах сказалі, калі танней — яны нават ператэлефаноўваць не будуць! Накладна, канечне, а што зробіш?” — тыпова па-беларуску разводзіць рукамі бацька Каці Аляксандр.

Рыэлтары Мінска адзначаюць: кошт на кватэры эканом-класа вырас максімальна. Эканом-клас — гэта звычайныя тыповыя кватэры, з простым рамонтам, мэбляй, тэлевізарам і пральнай машынай ці без яе ў спальным раёне. Зараз такая кватэра каштуе мінімум 350 долараў.

“Канечне, ёсць і за 300 долараў кватэры, але гэта бабулін варыянт. Сярэдні кошт аднапакаёўкі — 350 долараў. Двухпакаёўку можна зняць за 350 долараў — гэта самы танны варыянт, і вышэй”, — прыводзіць статыстыку начальнік аддзела арэнды агенцтва “Твая сталіца” Валянціна Сенчыхіна.

У параўнанні з мінулым годам кошт на аднапакаёўку вырас амаль на 60%! Летась у пачатку студэнцкага сезона можна было зняць простую аднапакаёўку нават за 200-250 долараў. Зараз — мінімум 300!

“Гэта вельмі і вельмі высокія кошты! З іншага боку, мы і паўплываць на гаспадароў амаль не можам. Мы рэкамендуем, што кватэра не можа каштаваць столькі і каб яна не прастойвала, трэба знізіць. Хто прыслухоўваецца, хто не. Але ж людзі ездзяць, бачаць, якія кватэры здаюцца, ці каштуюць яны гэтых грошай”, — кажа Валянціна Сенчыхіна.

Паводле слоў рыэлтара, гаспадары кватэр яшчэ ставяць умовы:

 “Хочуць кватарантаў без жывёл — такім вельмі складана знайсці кватэру, таксама не пажаданыя маленькія дзеці. Ну хто здаваў студэнтам, той і здае, але неахвотна здаюць студэнтам. Маладыя спецыялісты кааперуюцца па некалькі чалавек і здымаюць”.

На дарагія кватэры — ад 500 долараў і вышэй — таксама знаходзяцца ахвотнікі.

“Дарагія здымаюць іншаземныя студэнты, яны хочуць больш камфартабельнае жыллё, расіяне таксама”, — кажа рыэлтар.

Сустракаюцца і тыя, хто прабівае кватарантаў па міліцэйскай базе! Менавіта гэта прапанавала гаспадыня кватэры за 650 долараў, якой я патэлефанавала. Гаспадыня нібыта ўжо сутыкнулася з "крымінальнымі элементамі".

 “А то два месяцы назад было, што мне падсунула агенцтва нейкіх кватарантаў, якія бойку ўчынілі! Я прабіла іх па базе, а ў іх судзімасці. Таксама хлопец хацеў жыць, а ў яго 12 адміністрацыйных парушэнняў! Наступных кватарантаў я таксама буду правяраць, у мяне служба бяспекі праверыць”, — абураецца гаспадыня кватэры амаль за 6 мільёнаў у месяц. Гэта больш чым на мільён перавышае сярэдні заробак па краіне!

Пытаюся, ці не задорага кватэру здаюць, але гаспадыня, аказваецца, яшчэ і падняла кошт з-за падатку на здым кватэры.

“Будзем самі плаціць падатак, бо кватаранты спазняюцца, а там пяня ідзе. Таму паднялі кошт. Раней яна каштавала 600 долараў,” — разважае гаспадыня кватэры.

Рыэлтар Валянціна Сенчыхіна кажа, што конкурс на кватэры большы, чым у ВНУ.

“На адну танную кватэру па 5 чалавек. Гэта будзе прыкладна па канец верасня, а потым зноў пачнуць з’яўляцца прапановы”, — прагназуе спецыяліст.

Фота — sb.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі