Акумулятарны завод пад Брэстам закансервуюць
Скандальна вядомы акумулятарны завод "АйПаўэр" пад Брэстам рыхтуюць да кансервацыі. Пра гэта праваабаронца Раман Кісляк даведаўся ў СЭЗ "Брэст", бо завод з'яўляецца рэзідэнтам гэтай свабоднай эканамічнай зоны.
Па словах Кісляка, якія перадае mediabrest.by, апошнія два дні з завода актыўна нешта вывозяць. Намеснік кіраўніка адміністрацыі Аляксандр Шукайла патлумачыў, што будынак рыхтуюць да кансервацыі, і з яго вывозяць сыравіну і паўфабрыкаты.
Неўзабаве павінен быць падрыхтаваны праект кансервацыі. Максімальны тэрмін кансервацыі — тры гады.
Далейшы лёс прадпрыемства пакуль не вядомы. Забудоўшчык павінен вярнуць у абласны інвестыцыйны фонд сродкі, вылучаныя на прадпрыемства, бо не здолеў запусціць завод у запланаваны тэрмін. Пасля гэтага можа быць абвешчана пра банкруцтва прадпрыемства, яго могуць прадаць іншаму інвестару альбо паспрабуюць увесці ў эксплуатацыю.
Бізнэсоўца Віктара Лемяшэўскага, які займаўся будаўніцтвам завода, днямі выпусцілі з СІЗА КДБ пад заклад. Яго вінавацяць у дачы хабару.
Брастаўчане амаль два гады змагаліся супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, які істотна сапсаваў бы экалагічную сітуацыю ў рэгіёне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.