"Але ўсё ж не пусцілі": беларусаў і праўда спыняюць на мяжы з Украінай
Сцяг Украіны / Еўрарадыё
Кіеў абвяціў, што з прычыны COVID-19 да 28 верасня закрывае межы. Першымі з беларусаў гэта адчулі людзі, якія спрабавалі прайсці ўкраінскую мяжу ў ноч на 28 жніўня.
— Я ляцеў з Варшавы на адпачынак да сваёй дзяўчыны, яна з сям'ёй жыве ў Адэсе. Я загадзя купіў білет на 2 верасня, але потым выйшла пастанова аб тым, што мяжу будуць закрываць 29 жніўня. Таму я тэрмінова памяняў білет на 28 жніўня, — расказвае Еўрарадыё Багдан, грамадзянін Беларусі, які жыве ў Польшчы. — 27-га позна ўвечары я даведаўся, што Украіна вырашыла датэрмінова закрыць межы. Але таксама чытаў, што беларусаў павінныя пускаць.
Багдан вырашыў рызыкнуць і ўсё ж прыехаў у аэрапорт.
— На памежным кантролі пытаўся, ці ёсць нейкія асаблівасці з вылетам ва Украіну. Мне адказалі, што няма ніякай інфармацыі і ўсё павінна быць добра. Але крыху пазней паклікалі праз гучнагаварыцель і сказалі, што Украіна закрывае межы.
Я сказаў, што ў мяне беларускі пашпарт і ў мяне павінная быць прэферэнцыя. Яны паглядзелі, сказалі — быццам бы так. Я ўжо расслабіўся, узрадаваўся, што мяне пусцяць. Але потым мяне зноў паклікалі і сказалі, што памежны кантроль Украіны сказаў нікога не пускаць.
Мне потым пісалі, што ў Гомелі людзей ноччу проста высадзілі ў нейкім лесе на мяжы і абсалютна нічога не патлумачылі. Мабыць, усе гэтыя размовы пра тое, што ў беларусаў ёсць нейкія прэферэнцыі, каб трапіць ва Украіну, былі толькі на словах, а на справе нікога не пускаюць.
Цяпер ва Украіну пускаюць толькі асобныя катэгорыі грамадзян.
Украінскі прэм'ер-міністр Дзяніс Шмыгаль таксама заявіў, што Украіна гатовая прыняць беларусаў, якія папросяць абароны ў сувязі з уціскам і пераследам на радзіме. Атрымаць афіцыйны каментар пра тое, як гэта будзе працаваць, у Еўрарадыё ў пятніцу, 28 жніўня, не атрымалася.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.