Алег Хаменка заняўся фолк-хаўсам
Свой першы досвед у якасці дыджэя і эксклюзіўную праграму лідар "Палаца" прадставіць 8 верасня ў Графіці.
8 верасня ў клубе "Графіці" лідар "Палаца" Алег Хаменка з'явіцца ў некалькі нязвыклым для сябе амплуа дыджэя і пакажа прыхільнікам эксклюзіўную праграму, прысвечаную 500-годдзю вялікай пераможнай бітвы войска ВКЛ пад началам гетмана Астрожскага.
Стылістыку, якую абірае музыка, ён называе фолк-хаўсам у сваім уласным разуменні, падкрэсліваючы, што гэты накірунак не асабліва развіты ў папулярнай музыцы.
Новая электронная інструментальная праграма ад Хаменкі цягнецца каля 35 хвілін. Яна скампіляваная з 8 частак, якія былі створаныя ў розныя гады:
"Праграма складаецца з урыўкаў, якія я рабіў для фолк-мюзікла "Возера" (Хаменка спрабаваў стварыць фолк-мюзікл, але так і не рэалізаваў сваю ідэю, — Еўрарадыё) — кавалачкі засталіся, а музыкі няма. Вось яны сюды і трапілі. Таксама фальклорныя рэчы, якія мне падабаюцца, адмыслова заміксаваныя ў гэты праект. Карацей, усё смецце пазбіраў. І яно мне падабаецца. Таму падзялюся".
"Гераічная" частка праграмы будзе зміксаваная з эксклюзіўнымі экспедыцыйнымі матэрыяламі, гукамі дуды, сусветнымі этна-мелодыямі, абяцае музыка.
Выступ Алега Хаменкі адбудзецца пры падтрымцы праекта Diamos Roll, які таксама выдасць порцыю фолк-хаўса ў сваім уяўленні.