Алексіевіч — пра рэакцыю на яе выказванне, што яна кахала і жанчын, і мужчын
Беларуская пісьменніца, нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч пракаментавала рэакцыю на яе выказванне пра аднаполае каханне ў інтэрв'ю польскаму выданню Gazeta Wyborcza. “Каханне — гэта каханне, — гаварыла Алексіевіч. — Важна, што цуд здарыўся, а з кім — гэта ўжо менш істотна. Я сама кахала ў жыцці і жанчын, і мужчын”.
Па каментар да пісьменніцы звярнулася Радыё Свабода. "Я не збіраюся абмяркоўваць сваё асабістае жыццё, — кажа Святлана Алексіевіч. — ...Гэта было па ходу інтэрв'ю, на чужую шчырасць я сказала сваю шчырасць, але больш на гэтую тэму я не збіраюся гаварыць. То абмяркоўваюць, у якім доме мне жыць, то з кім мне спаць".
Пісьменніца працягвае працу над кнігай пра каханне. "Ужо не тыя часы, я ўжо не ў той якасці, — працягвае Алексіевіч. — Я магу жыць так, як я разумею, як я хачу. Што я і рабіла заўсёды".