Алексіевіч заклікала стварыць у ААН механізмы расследавання беларускай сітуацыі
На пасяджэнні Савета ААН па правах чалавека 4 снежня пісьменніца Святлана Алексіевіч заклікала выкарыстоўваць усе наяўныя сродкі для рэагавання на беларускую сітуацыю. У тым ліку яна прапанавала разгледзець магчымасць стварэння спецыяльных механізмаў расследавання, перадае БелаПАН.
Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры выступала ад імя Міжнароднага ПЭН-цэнтра. Сённяшнюю сітуацыю яна назвала адным з самых драматычных у гісторыі Беларусі.
"Тысячы беларусаў і беларусак выходзяць на мірныя акцыі пратэсту супраць гвалту, супраць несправядлівасці і фальсіфікацый. Але ўлады адказваюць новымі актамі запалохвання, арыштамі і катаваннямі", — сказала Алексіевіч. Яна адзначыла, што пад крымінальным пераследам знаходзяцца сотні людзей, многія былі вымушаныя пакінуць краіну.
У сваёй прамове пісьменніца згадала забойства мастака Рамана Бандарэнкі невядомымі асобамі ў масках. Алексіевіч, якая ўваходзіць у прэзідыўм Каардынацыйнай рады, падкрэсліла, што беларускае грамадства і інтэлектуальная эліта краіны выступаюць за мірнае вырашэння грамадска-палітычнага крызісу.
"Аднак дыялог не можа рэалізавацца любым коштам. Ад імя грамадзянскай супольнасці я заклікаю Савет ААН па правах чалавека выкарыстоўваць усе наяўныя ў яго сродкі для рэагавання на сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку разгледзець пытанне аб стварэнні спецыяльных механізмаў расследавання", — сказала пісьменніца.
Як паведамляла Еўрарадыё, Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет у сваім выступе заявіла, што сітуацыя ў Беларусі ў апошнія тыдні яшчэ больш пагоршылася. Яна выказала занепакоенасць ужываннем сілы супраць мірных пратэстаў. Камісар заклікала беларускія ўлады спыніць парушэнні правоў чалавека ў краіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.