Алена Танкачова: Да 21 лютага я мушу з'ехаць з Беларусі (відэа)
Беларуская праваабаронца прайшла ўсе інстанцыі, дамагаючыся адмены рашэння аб яе высылцы з нашай краіны.
Праваабаронца Алена Танкачова мусіць да 21 лютага з'ехаць з Беларусі з забаронай вяртання на працягу трох гадоў. Яна прайшла ўжо ўсе інстанцыі, спрабуючы дамагчыся адмены гэтага рашэння. Учора ў задаволенні касацыйнай скаргі Танкачовай адмовіла і судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда.
БелаПАН адзначае, што гэта быў апошні этап абскарджвання, які дазваляў праваабаронцы заставацца ў Беларусі. Алена Танкачова кажа, што мае намер выканаць прадпісанне і з'ехаць за мяжу.
Нагадаем, Алена Танкачова — грамадзянка Расіі, але жыве ў Беларусі каля 30 гадоў, мае тут уласнае жыллё і працу, кіруе Цэнтрам прававой трансфармацыі Lawtrend. Яшчэ ў лістападзе мінулага года міліцыя прадпісала Танкачовай цягам месяца пакінуць Беларусь і не прыязджаць тры гады з-за фактаў нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем, зафіксаваных відэакамерамі. У снежні 2014-га скаргу праваабаронцы не задаволіў ГУУС Мінгарвыканкама, пасля — суд Першамайскага раёна Мінска.
Танкачова мусіць з'ехаць у Расію, аднак не збіраецца пакуль там жыць. Яна хоча зрабіць агульнаграмадзянскі расійскі пашпарт, якога ў яе дагэтуль не было, ды пераехаць, верагодна. у Вільню, каб працягнуць праваабарончую дзейнасць.
Чым магла перашкодзіць уладам праваабаронца Алена Танкачова?
Фота: dw.de