Алігарха Вараб'я могуць пазбавіць аднаго з самых каштоўных бізнесаў
Гаворка ідзе пра нафтаправод ва Украіне / калаж Еўрарадыё
Савет нацыянальнай бяспекі і абароны (СНБА) Украіны 19 лютага можа ўвесці санкцыі супраць кампаніі "ПрыкарпатЗахадтранс". Гэта фірма, якая эксплуатуе нафтаправод, што ідзе па заходняй частцы краіны, мае шанцы спыніць дзейнасць праз сувязі з "кумам Пуціна" Віктарам Медзведчуком. Але пацерпіць праз гэта і беларускі бізнесмен Мікалай Варабей. Расказваем чаму.
Труба кліча
Уладальнікам кантрольнага пакета акцый "ПрыкарпатЗахадтранс" ёсць Варабей. Пасля пачатку вайны на Данбасе труба перайшла ад расійскай "Транснафты" да кампаній, звязаных з Віктарам Медзведчуком і яго паплечнікам Тарасам Казаком, — мы пра гэта ўжо падрабязна расказвалі.
Звязана з Медзведчуком кампанія да гэтага часу. Акрамя таго, яна супрацоўнічае з іншымі фірмамі, афіляванымі з "кумам Пуціна".
Праўда, сур'ёзная пагроза навісла над будучыняй "ПрыкарпатЗахадтранс" не ў сярэдзіне лютага, а раней: Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны (НАБУ) і Спецыялізаваная антыкарупцыйная пракуратура СБУ (САП) усумніліся ў правамернасці здзелкі па куплі трубаправода. Мяркуецца, што праз заведама лжывыя высновы экспертаў суд не прызнаў права ўласнасці дзяржавы на нафтаправод.
Калі падобныя высновы кантрольных органаў пацвердзяцца, Варабей і яго партнёры могуць пазбавіцца кампаніі. А разам з тым — і добрых магчымасцяў зарабляць на пастаўках нафтапрадуктаў.
Дадатковыя праблемы
Але нават калі кампанія застанецца ў Вараб'я, перспектывы далёкія ад радасных. Праз траплянне бізнесмена, блізкага да беларускіх уладаў, у санкцыйны спіс заходнія банкі пачалі згортваць сваё фінансаванне "ПрыкарпатЗахадтранс".
Гэта, у сваю чаргу, можа адгукнуцца сур'ёзнымі фінансавымі праблемамі для кампаніі. У мінус гуляе і тое, што "ПрыкарпатЗахадтранс" не можа моцна зарабляць на рээкспарце расійскага паліва, прычынай таму сталі ўведзеныя спецпошліны.
Якія санкцыі супраць "ПрыкарпатЗахадтранс" можа ўвесці СНБА, пакуль не да канца зразумела. Зрэшты, гаворка можа ісці пра забарону на дзейнасць кампаніі — такое нядаўна адбылося з шэрагам фірмаў Тараса Казака, уключаючы яго тэлеканалы.
Калі СНБА вырашыць спыніць работу нафтаправода, то Варабей страціць дадатковы заробак. У перспектыве — і саму трубу, калі яна адыдзе Украіне. Пры гэтым сумнеўна, што яму будуць кампенсаваць укладанні ў кампанію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.