Аліментшчыкам і іншым даўжнікам адключаць інтэрнэт і мабільную сувязь

Аліментшчыкам і іншым даўжнікам, якія не плацяць грошы паводле судовых рашэнняў, збіраюцца адключаць інтэрнэт і мабільную сувязь.

Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай дзейнасці органаў прымусовага выканання, паведаміў намеснік Міністра юстыцыі Беларусі Валерый Кулакоўскі.

“Тое што тычыцца аператараў сотавай сувязі, у нас ёсць магчымасць увесці забарону на аказанне некаторых паслуг неплацельшчыкам. Напрыклад, гэта карыстанне інтэрнэтам. У судовых выканаўцаў сёння ёсць такая магчымасць — і тэхнічная і заканадаўчая”, — разважае Валерый Кулакоўскі.

У праваахоўных органах маюцца абаненцкія базы дадзеных. Судовы выканаўца можа без праблем арыштаваць рахунак неплацельшчыка і спісаць з яго грошы, якія пойдуць на пакрыццё запазычанасці. Такі самы механізм можа спрацоўваць і са стацыянарнымі тэлефонамі, і з хатнім інтэрнэтам. Але Мінюст асабліва разлічвае на магчымасць адключаць неплацельшчыкам інтэрнэт на смартфонах.

“Мяркую, калі даўжнік прачнецца і паспрабуе зрабіць, як звычайна, званок ці паглядзець праз інтэрнэт прагноз надвор'я, ён будзе настолькі паралізаваны, што зразумее: раніцай у яго адна дарога — у органы прымусовага выканання”, — лічыць Валерый Кулакоўскі.

Намеснік міністра ўдакладняе, што ў дачыненні да мабільнага інтэрнэту паслугі неплацельшчыкам пакуль перастаюць аказваць толькі пасля складання папяровых запытаў сотавым аператарам. Аднак норма ўжо запрацавала. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі