Алімпіяднікі ідуць у БДУ на міжнароднікаў, каб… з’ехаць за мяжу
Еўрарадыё даведалася, кім мараць стаць сёлетнія абітурыенты.
“Я падавала дакументы на Міжнародныя адносіны “міжнароднае права”. Мне падабаецца права і плюс я пераможца рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве. Праз пяць гадоў бачу сябе за мяжой, можа юрыстам буду, а можа — не”, — дзеліцца з Еўрарадыё Марыя з Гомеля, якая прыехала паступаць у Мінск.
Дзяўчына марыць паехаць пасля ўніверсітэта ў Чэхію. Адна праблема — размеркаванне: пераможца алімпіяды хоць і паступае без іспытаў, але пасля вучобы трэба адпрацоўваць.
Ля галоўнай ВНУ краіны ў першы дзень падачы дакументаў мітусня: абітурыенты бегаюць з дакументамі, бацькі нервова чакаюць дзяцей на лавах. Большасць — выдатнікі ці алімпіяднікі.
“Іду на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, мне падабаецца праграмаванне. Хачу дасягнуць у гэтым чагосьці. Можа адкрыю сваю фірму”, — адказвае мне пераможца рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы Багдан Гілевіч.
Наступны алімпіяднік — Іван, ідзе без іспытаў на нана-біёлага, хоча займацца навукай.
Паступаюць і тыя, хто здаваў тэставанне. Кацярына Нікалаенка ідзе на журналіста, каб “жыццё біла ключом”. І ўжо працуе ў газеце “Гастраном”.
“Я шукаю сябе, шукаю свой напрамак. Хаця б узялі, на практыку на пазаштатнае. Па тэставанні ў мяне 200 балаў, затое шмат публікацый”, — расказвае мінчанка Кацярына.
Каб практыкавацца, дзяўчына глядзіць “Еўраньюс” і чытае кнігі. А рэпетытараў не брала, рыхтавалася сама.
На першы дзень да абеду ў прыёмнай камісіі БДУ рэгіструюць 150 абітурыентаў. Столькі ж было ў такі ж час летась.
У Педагагічным універсітэце імя Максіма Танка — наплыў. У фае запаўняюць дакументы на паступленне, пасля шукаюць, куды падаць.
“Іду на фізічнае выхаванне. Спорт — гэта добра, я заўжды ім займаюся. Там мененджмент ёсць, заўжды можна зарабіць, фізрукі паўсюдна патрэбныя”, — адказвае Канстанцін. І збіраецца адкрыць сваю фірму, бо лепей працаваць на сябе.
Выпускніца каледжа Крысціна ўжо малюе кар’ерную лесвіцу ў кампаніі “Белшына”.
“Паступаю ў Тэхналагічны ўніверсітэт, бо скончыла каледж па “хімічнай тэхналогіі”. Гэта адзіны ўнівер, які дае такую спецыяльнасць. Праз пяць гадоў бачу сябе інжынерам “Белшыны”, — прагназуе Крысціна.
Яна ўжо цяпер працуе на “Белшыне” і падае дакументы на "завочку" з 80 (!) баламі па трох тэстах.
Нагадаем, сёлета ўніверсітэты гатовыя прыняць 79 тысяч абітурыентаў. З іх 30,5 тысячы могуць трапіць на бюджэтную форму навучання.
У “Кулёк” набіраюць 70 бібліятэкараў і толькі 15 менеджараў культуры
Фота: fashionforyou.ru