Аляксандр Лукашэнка кантралюе справу Вікторыі Азаранкі, якую чакае суд
Аляксандр Лукашэнка неабыякавы да далейшага лёсу самай вядомай беларускай тэнісісткі Вікторыі Азаранкі. Пра гэта паведаміў кіраўнік Беларускай тэніснай федэрацыі Сяргей Цяцерын.
Як вядома, у канцы кастрычніка ў ЗША мусіць адбыцца суд аб апякунстве над сынам Вікторыі Леа. Беларусцы даводзіцца судзіцца з былым бойфрэндам Білі Макігам, бацькам хлопчыка. Тэнісістка з-за гэтага з ліпеня не выступае. Нядаўна многіх здзівіў здымак, на якім Азаранка страшэнна схуднелая. А 11-12 лістапада на “Чыжоўка-Арэне” ў Мінску мусіць прайсці фінальны матч Кубка федэрацыі Беларусь — ЗША і беларуская зборная спадзяецца на дапамогу тэнісісткі.
Як інфармуе сайт tennis.by, Цяцерын спадзяецца, што Вікторыя Азаранка згуляе ў Мінску. Паводле яго слоў, да вырашэння праблемы падключыліся МЗС, Беларуская тэнісная федэрацыя і нейкія “іншыя структуры”. Аляксандр Лукашэнка, “нягледзячы на велізарную загружанасць дзяржаўнымі справамі, цікавіцца і кантралюе гэтую сітуацыю”. Для таго, каб Вікторыя магла праводзіць паўнавартасныя спарынгі і падтрымліваць неабходную форму, у ЗША з Беларусі гатовыя адправіць “чалавека-прафесіянала”.