Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра сямейны капітал
Ён пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2015 года.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 572, якім з 1 студзеня наступнага года ўстанаўліваюцца дадатковыя меры дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей. У адпаведнасці з ім, уводзіцца сямейны капітал. За кожнае трэцяе і наступнае дзіця сям'і прадастаўляюцца безнаяўныя 10 тысяч долараў.
Права на сямейны капітал маюць грамадзяне Беларусі пры нараджэнні альбо усынаўленні трэцяга і наступных дзяцей, якія нарадзіліся з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года. Прызначэнне сямейнага капіталу будзе ажыццяўляцца пры звароце ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Права на зварот за прызначэннем сямейнага капіталу можа быць рэалізавана на працягу 6 месяцаў з дня нараджэння ці ўсынаўлення трэцяга і наступных дзяцей, інфармуе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Права распараджэння сродкамі сямейнага капіталу надыдзе пасля заканчэння 18 гадоў з даты нараджэння гэтага дзіцяці. Сродкі сямейнага капіталу сям'я зможа накіраваць на паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне адукацыі, паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя, фарміраванне назапашвальнай пенсіі маці. Пры гэтым сродкі могуць быць выкарыстаны датэрмінова на атрыманне платных медыцынскіх паслуг.
Больш падрабязна пра ўказ кіраўніка дзяржавы гл. тут.
Фота — Fotolia