Аляксандра Радзькова вызвалілі ад пасады памочніка прэзідэнта
Прычынай адстаўкі называецца стан здароўя.
Аляксандр Радзькоў вызвалены ад пасады памочніка Аляксандра Лукашэнкі. Адпаведнае распараджэнне кіраўнік дзяржавы падпісаў у панядзелак, 18 траўня. Падставай для такога рашэння стаў стан здароўя Радзькова, інфармуе БЕЛТА.
Нагадаем, Аляксандру Радзькову 63 гады. Ён — ураджэнец Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У 2003-2010 гадах Радзькоў быў міністрам адукацыі Беларусі. У снежні 2010 года ачольваў перадвыбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі. У пачатку 2011-га стаў першым намеснікам кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта. Са снежня 2014 года ён працаваў памочнікам прэзідэнта.
Радзькоў — кіраўнік праўладнай рэспубліканскай грамадскай арганізацыі "Белая Русь". Ці застанецца ён у яе кіраўніцтве, пакуль невядома.
Фота: bymedia.net, Еўрарадыё