У Беларускай федэрацыі барацьбы новы старшыня — Алім Селімаў
Камандар Маджыдаў / zviazda.by
Пасаду старшыні Беларускай федэрацыі барацьбы заняў Алім Селімаў — двухразовы чэмпіён свету па грэка-рымскай барацьбе, заслужаны майстар спорту Беларусі. Ён змяніў на гэтай пасадзе заслужанага майстра спорту СССР і Беларусі, алімпійскага чэмпіёна Камандара Маджыдава.
Маджыдаў прыйшоў у зборную Беларусі ў пачатку 1980-х, на трэніроўках пазнаёміўся з Юрыем Чыжом — будучым беларускім бізнесменам, якога тады запомніў як "дзябёлага стараннага хлопца". Пра цяпер ужо экс-старшыню федэрацыі кажуць, што апошнім часам ён абараняў барцоў, не згодных з тым, што адбывалася ў Беларусі пасля выбараў.
Зрэшты, барэц просіць не шукаць у яго адстаўцы палітыкі.
— Была канферэнцыя справаздачна-выбарная. І ўсё, выбралі яго [Аліма Селімава. — Еўрарадыё], — распавядае ён Еўрарадыё. Селімаў перамог з перавагай усяго ў тры галасы — 28:25.
Еўрарадыё: Камандар Бафаліевіч, як вы лічыце, вам пара ўжо было сыходзіць ці не?
Камандар: Я думаю, што я нямала зрабіў і было ўсё нармальна. Усё было добра, усё рабілася, усё працавала выдатна. Я мог бы і яшчэ працаваць, што мне?
Еўрарадыё: Што зменіцца ў зборнай пасля прыходу Аліма Селімава?
Камандар: Вельмі цяжка сказаць. Я думаю, пакуль што нічога не зменіцца.
Еўрарадыё: У зборнай былі спартсмены, якія адкрыта выказвалі сваю грамадзянскую пазіцыю? Вы абаранялі іх?
Камандар: Не ведаю, можа і былі. Але я, шчыра кажучы, да ўсіх стаўлюся аднолькава. Грамадзянская пазіцыя — гэта іх пазіцыя, гэта не мая пазіцыя. Гэта яны выбіраюць сабе шлях.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.