Топ-5: навіны 8 чэрвеня
Кіраўніка Мінпрыроды адхілілі, бо не знайшоў у краіне нафту?
Следчы камітэт пацвердзіў, што міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута адхілены ад пасады. Ён праходзіць падазраваным па крымінальнай справе аб службовым падлогу.
Пра гэта ў каментары Еўрарадыё паведаміў прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч. Па яго словах, чыноўніка пакуль вырашылі не затрымліваць.
Чэмпіёна свету па змяшаных адзінаборствах Мурада Амрыева вышлюць з Беларусі ў Расію цягам сутак. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік гомельскай міліцыі Юрый Пількевіч.
Нагадаем, раніцай 8 чэрвеня беларускія памежнікі пацвердзілі затрыманне Мурада Амрыева на беларуска-ўкраінскай мяжы. Гэта адбылося яшчэ ў сераду.
Мужчына ехаў у аўтамабілі "Таёта" з расійскімі нумарамі. Падчас памежнага кантролю высветлілася, што расіянін знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку. Яго падазраюць у выкарыстанні падробленага дакумента. Аднак праваабаронцы сцвярджаюць, што сітуацыя выглядае зусім іначай.
КДБ спыніў крымінальную справу на Сяргея Пальчэўскага. У лісце, які актывіст атрымаў з гэтага ведамства, гаворыцца, што следства не знайшло складу злачынства ў яго дзеяннях.
Пальчэўскі кажа, што спыненне крымінальнага пераследу стала для яго нечаканасцю.
Акрамя таго, іншы фігурант "справы патрыётаў" Зміцер Дашкевіч таксама заявіў, што супраць яго спынілі крымінальную справу. Пра гэта лідар маладафронтаўцаў напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.
Беларусь гатовая абмеркаваць любыя пытанні па экалогіі з міжнароднымі партнёрамі. Пра гэта заявіла першая намесніца міністра прыродных рэсурсаў Ія Малкіна. Такім чынам яна пракаментавала беларуска-літоўскія спрэчкі наконт Астравецкай АЭС.
Як вядома, Літва актыўна выступае супраць будаўніцтва атамнай станцыі каля Астраўца. Нядаўна прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ назвала будаўніцтва Беларускай АЭС адной з вонкавых пагрозаў для яе краіны.
Аляксандр Лукашэнка завёз у Казахстан копіі дакументаў з архіву КДБ Беларусі. У іх распавядаецца пра жанчын-ахвяраў палітычных рэпрэсій, якія з канца 1930-х гадоў адбывалі пакаранне на тэрыторыі Казахстана. Дакументы кіраўнік Беларусі перадаў казахстанскаму прэзідэнту Нурсултану Назарбаеву.
Адзначаецца, што архіўныя дакументы КДБ прызначаны для Музея памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій і таталітарызму, які адкрылі пад Астаною.