Топ-5: навіны 9 чэрвеня
Ці парушылі закон беларускія міліцыянеры, калі перадалі Амрыева расіянам?
9 чэрвеня Мурада Амрыева перадалі чачэнскай паліцыі. Спартоўца адразу павезлі ў Грозны “для дачы паказанняў”. Прычым бацькі Амрыева раней заяўлялі, што там яму пагражае смяротная небяспека.
Нагадаем, што чэмпіёна свету па змяшаных адзінаборствах Мурада Амрыева затрымалі ўвечары 7 чэрвеня на беларуска-ўкраінскай мяжы. Пасля спартоўца адправілі ў Добруш. Адтуль яго перадалі паліцыі Расіі, дзе Амрыева падазраюць у выкарыстанні падробленага пашпарту.
Аднак праваабаронцы лічаць, што спартоўца пераследуюць за яго заявы пра катаванні ў чачэнскай паліцыі.
Беларускім кіроўцам, якія працуюць у Расіі, не трэба будзе атрымліваць расійскія правы. Пра гэта ў пятніцу заявіў пасол Расіі ў нашай краіне Аляксандр Сурыкаў.
Як вядома, з 1 чэрвеня ў Расійскай Федэрацыі пачаў дзейнічаць закон, які забараняе працаваць шафёрамі кіроўцам з замежнымі правамі.
Сурыкаў прызнаў, што, прымаючы такі закон, расійскі парламент “улічыў не ўсе фактары”. Восенню да закона прымуць папраўкі. Яны дазволяць кіроўцам з краін Еўразійскага эканамічнага саюза не атрымліваць расійскія правы.
Раніцай 9 чэрвеня на гомельскай фабрыцы “Камінтэрн” супрацоўніца спрабавала спаліць сябе. Яе выратаваў мужчына, які аказаўся побач. Жанчыну даставілі ў рэанімацыю, у яе апёкі паловы цела.
Па словах дырэктара прадпрыемства, праблем на працы ў яе не было, затое нібыта былі праблемы з псіхікай. Аднак вядома, што ў апошнія месяцы жанчына займалася афармленнем пенсіі і ў яе ўзніклі цяжкасці з аднаўленнем стажу ў Расіі.
Падпальвала яна сябе са словамі: “У мяне скралі 18 гадоў стажу”.
У Магілёўскім раёне беларуская міліцыя разам з маскоўскімі калегамі знайшла 5-гадовага хлопчыка з Масквы. Ён больш за год лічыўся зніклым без вестак.
Як піша "Московский комсомолец", маці хлопчыка належала да секты, якая прапаведавала сусветную любоў. Арганізацыю называюць псеўдарэлігійнай, а таксама порнасектай. Яе кіраўнік прымушаў жанчын займацца прастытуцыяй, а таксама сам здымаў порнаролікі.
КДБ спыніў крымінальную справу на маладафронтаўца Рамана Васільева. З яго знятыя абвінавачанні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Пра гэта малады чалавек напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Напярэдадні такія ж паведамленні атрымалі Зміцер Дашкевіч і Сяргей Пальчэўскі.