Амаль 100% супрацоўнікаў EPAM выкарыстоўваюць у сваёй працы ШІ
Офіс EPAM
Кіраўнік кампаніі EPAM, якая мае беларускія карані, Аркадзь Добкін падчас штоквартальнага стэлефаноўвання з акцыянерамі расказаў, што кампанія актыўна ўкараняе ў сваю працу штучны інтэлект. Ён адзначыў, што стаіць мэта "навучыць абсалютную большасць супрацоўнікаў кампаніі выкарыстанню асноў GenAI". Падрабязнасці гэтай размовы прыводзіць devby.io.
Для вырашэння гэтай задачы ў EPAM распрацавалі спецыяльную адукацыйную праграму. У выніку на дадзены момант, па словах Добкіна, "амаль усе супрацоўнікі EPAM прайшлі навучанне і ўжываюць веды пра AI ў сваёй паўсядзённай працы", а "больш за 10% эпамаўцаў практыкуюць GenAI на прасунутым тэхнічным узроўні".
Добкін таксама прывёў некалькі прыкладаў супрацоўніцтва з буйнымі кліентамі. Для Unity (міжплатформеннае асяроддзе распрацоўкі камп'ютэрных гульняў) EPAM дапамог стварыць Unity Muse. Гэта AI-платформа новага пакалення, якая дазваляе распрацоўнікам ствараць гульні, выкарыстоўваючы простыя тэкставыя запыты. Для МВФ EPAM распрацаваў рашэнне, якое дазваляе пераўтвараць, аналізаваць, візуалізаваць і інтэрпрэтаваць статыстычныя дадзеныя.
GenAI, або генератыўны штучны інтэлект — гэта адна з галін штучнага інтэлекту, якая развіваецца найбольш хутка і стварае тое, чаго раней не існавала.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.