Амбасада Беларусі пакрыўдзілася, што Украіна сумняецца ў легітымнасці Лукашэнкі

Амбасада Беларусі пакрыўдзілася, што Украіна сумняецца ў легітымнасці Лукашэнкі

Афіцыйны Мінск звяртае ўвагу на "надзчай несяброўскія жэсты" з боку Украіны. Пра гэта заявіла амбасада Беларусі ў Кіеве. 

"Публічныя рэкамендацыі і парады ўкраінскіх афіцыйных асоб, палітыкаў і дэпутатаў па арганізацыі ўнутрыпалітычнага жыцця ў беларускай дзяржаве, ацэнкі ўзаемадзеяння Рэспублікі Беларусь з інтэграцыйнымі аб'яднаннямі з'яўляюцца некарэктнымі, не адпаведнымі духу добрасуседства і расцэньваюцца менавіта як спроба ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь, аказання ўплыву на выбар беларускага народа", — гаворыцца ў заяве амбасады, якую яна размясціла ў Фэйсбуку.

Нядаўна міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба паведаміў, што ва Украіне не будуць называць Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам, бо не лічаць яго законным кіраўніком дзяржавы.

Гэтая ды іншыя заявы прадстаўнікоў Украіны выклікалі рэзкую рэакцыю з боку беларускіх дыпламатаў: "Заявы Вярхоўнай Рады Украіны, офіса прэзідэнта Украіны, міністра замежных спраў Украіны, а таксама шматлікія публічныя выказванні кіраўніцтва Украіны і шэрагу ўкраінскіх афіцыйных асоб высокага рангу аб унутрыпалітычнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь, легітымнасці прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, абстаноўцы на беларуска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы, заклікі да правядзення новых выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, абмеркаванне пытання аб прымяненні да Рэспублікі Беларусь санкцый па надуманых падставах разглядаюцца як надзвычай недружалюбныя жэсты з боку Украіны, якія не спрыяюць захаванню даверу ў беларуска-ўкраінскіх адносінах, і спроба ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь".

Варта дадаць, што наўрад ці ўмацаванню беларуска-ўкраінскіх адносінаў паспрыяў інцыдэнт з амбасадарам Украіны Ігарам Кізімам. Калі ён на пачатку верасня вяртаўся ў Беларусь, яго машыну праверылі памежнікі. Кізім заявіў, што гэта парушэнне Венскай канвенцыі. Памежны камітэт у афіцыйным каментары заявіў, што быў праведзены не надгляд, а агляд машыны. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі