Амбасадар Еўрасаюза ў Мінску на парад не пойдзе

Амбасадар Еўрасаюза ў Мінску на парад не пойдзе

Кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у Мінску Дзірк Шубель не пойдзе на парад 9 траўня. Афіцыйны Брусель даў сваім дыпламатам інструкцыю ўстрымлівацца ад удзелу ў масавых мерапрыемствах падчас распаўсюду каранавіруса, паведамляе TUT.by са спасылкай на Прадстаўніцтва Еўрасаюза.

Яшчэ на пачатку тыдня МЗС Беларусі разаслала у амбасады і консульствы, якія працуюць у нашай краіне, запрашэнне да ўдзелу ў парадзе 9 траўня. Па словах прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза, шэраг кіраўнікоў дыпламатычных місій пацвердзілі свой удзел, аднак поўнай карціны пакуль няма.

Не будзе на парадзе большасці дыпламатаў з краін ЕС, якія прытрымліваюцца рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. "Пераважная большасць кіраўнікоў дыпламатычных місій краін ЕС атрымалі ад сваіх міністэрстваў такія ж інструкцыі. Многія кіраўнікі дыпмісій краін ЕС і амбасадар Еўрапейскага саюза ў Беларусі самастойна наведаюць адзін з мемарыялаў у Мінску ці ў наваколлі сталіцы, каб ускласці кветкі і ўшанаваць памяць ахвяр Другой сусветнай вайны", — распавялі ў Прадстаўніцтве ЕС.

А вось амбасадар Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў раней ужо заявіў, што з'явіцца на парадзе.

Беларусь — адзіная краіна, якая праводзіць вайсковы парад ва ўмовах пандэміі каранавіруса. Гэта робіцца насуперак рэкамендацыям СААЗ адмовіцца ад усялякіх масавых мерапрыемстваў. У сацсетках з'яўляліся абвесткі, што гледачоў на парад збіраюць сярод бюджэтнікаў і студэнтаў — за грошы і адпрацоўкі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі