Амбасадар Францыі ў Беларусі запісаў развітальны зварот па-беларуску
Амбасадар Францыі ў Беларусі Нікаля дэ Лакост, які з'ехаў з Беларусі, запісаў пасланне беларускаму народу на сайце пасольства Францыі.
У ім амбасадар выказаў шкадаванне, што яму разам з жонкай прыйшлося пакінуць Беларусь. Нікаля дэ Лакост нагадаў, што Францыя не прызнала вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі і што ён асабіста не ўручаў свае даверчыя граматы.
"Мы правялі тут цяжкія, але незабыўныя дні. Мы зрабілі шмат захапляльных сустрэч і адкрыццяў. Мы сустракаліся з многімі мужнымі і моцнымі духам людзьмі. Мы з жонкай адкрылі для сябе шчодрасць Беларусі і беларусаў. Вы назаўжды застанецеся ў нашых думках. Ведайце, што мы назаўжды застанемся побач з вамі. Мы заклікаем вас ніколі не губляць надзеі на лепшыя дні. Да пабачэння!" — гаворыцца ў пасланні.
МЗС Беларусі ў панядзелак паведаміла, што Нікаля дэ Лакост пакінуў Мінск. У лістападзе 2020 года ён прыехаў у краіну ў якасці прызначанага пасла Францыі, а ў снежні ўручыў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў Беларусі.
"Аднак пасля кіраўнік французскай дыпмісіі ня выказаў гатоўнасці завяршыць прадугледжаную міжнародным правам і агульнапрызнанай практыкай працэдуру ўступлення на пасаду ў якасці Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла ў Рэспубліцы Беларусь", — адзначылі ў МЗС.
У сувязі з гэтым, як тлумачыцца ў паведамленні, МЗС вымушана было паведаміць французскім партнёрам аб заканчэнні тэрміна згоды на прызначэнне Нікаля дэ Лакоста, якое беларускія ўлады выдалі раней.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.