Амбасадар Літвы пра Беларускую АЭС: Мы не атрымліваем адказы на нашы пытанні

Амбасадар Літвы пра Беларускую АЭС: Мы не атрымліваем адказы на нашы пытанні

Літва не атрымлівала і не атрымлівае адказаў на свае пытанні па Беларускай АЭС. І гэта трывожыць не толькі экспертаў, улады Літвы, але і звычайных грамадзян, якія даведваюцца пра розныя інцыдэнты, пра гібель людзей. Тым больш, што станцыя будуецца недалёка ад Вільні. Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё сказаў амбасадар Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас:

“Галоўнае пытанне — гэта бяспека, пачынаючы ад падбору пляцоўкі для будаўніцтва. Гэта АЭС, а не нейкае прамысловае прадпрыемства… На жаль, адказаў на пытанні не было. І ў такой атмасферы сама будоўля стала рухацца наперад. Чым далей, тым тэмпература павышалася і павышаецца дагэтуль”.

Амбасадар прызнае, што справа суверэннай краіны весці будаўніцтва атамнай станцыі, але яно мусіць ісці па міжнародных нормах. Міжнародныя эксперты мусілі даць незалежную ацэнку, ці падыходзіць тая ж пляцоўка ды па іншых пытаннях. “Гэтыя працэдуры, якія рэгламентуюцца міжнародным правам, яны не закончаныя… Былі чатыры парушэнні зафіксаваны… Але будоўля ідзе далей”, — сказаў Пулокас.

“Гэта расійскі праект, расійскі крэдыт, расійскія тэхналогіі, расійскія будаўнікі. Даверу ў нас вельмі мала… Гэты недавер шмат у чым стварае многія праблемы”, — адзначыў амбасадар.

Андрус Пулокас нагадаў, што літоўскі парламент на падставе дадзеных, паводле якіх Беларуская АЭС не можа быць дастаткова бяспечнай, вырашыў: электраэнергія, якая будзе выпрацоўвацца на такім аб’екце, не можа трапіць на рынак Літвы. “І гэты закон будзе ўкараняцца ў жыццё”, — сказаў спадар Пулокас.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі