Амбасадар Расіі параўнаў Каардынацыйную раду з філатэлістамі і нумізматамі
Амбасадар Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў прызнаўся, што прадстаўнікі Каардынацыйнай рады звярталіся да яго з просьбай аб сустрэчы. Такім чынам ён пацвердзіў ранейшыя заявы Святланы Ціханоўскай, што яе каманда неаднаразова спрабавала выйсці на сувязь з Крамлём.
У інтэрв'ю інфармагенцтву РБК Мезенцаў заявіў, што ён адмовіўся сустракацца з праціўнікамі Аляксандра Лукашэнкі. "Расійская амбасада гатовая размаўляць з тымі грамадскімі сіламі, якія не вядуць працу па падрыве дзяржаўных асноў Рэспублікі Беларусь", — заявіў дыпламат.
Ён сказаў, што прадстаўнікі Каардынацыйнай рады хацелі абмеркаваць сярод іншага і ўзаемадзеянне з Расіяй.
Мезенцаў паведаміў, што не разумее сутнасць Каардынацыйнай рады, і заявіў, што гэтых людзей ніхто не выбіраў. Пры гэтым ён параўнаў Каардынацыйную раду з клубам па інтарэсах.
"Гэта людзі, не надзеленыя даверам мільёнаў выбаршчыкаў. Гэта людзі, якія самі сябе вызначылі такімі. Не справа цяпер вызначаць матывацыю гэтых учынкаў. Але гэта такое адно з грамадскіх аб'яднанняў, можа быць, такое ж, як таварыства аматараў кнігі, філатэлістаў, нумізматаў, заўзятараў таго ці іншага клуба. Але тады яны і павінны займацца ў грамадскім полі клубнай працай, а не займацца зрынаннем улады", — дадаў ён.
Каардынацыйная рада пры Святлане Ціханоўскай была створаная 14 жніўня — для трансферу ўлады. Чальцы прэзідыуму Рады на сёння знаходзяцца або за межамі Беларусі, або за кратамі. Шараговых чальцоў Рады выклікаюць у Следчы камітэт на допыты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.