Дыпламаты краін ЕС ездзілі ў Рэчыцу, каб падтрымаць палітзняволеную
Паліна Шарэнда-Панасюк
Дыпламаты краін ЕС ездзілі ў Рэчыцу, каб падтрымаць палітзняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк. 14 кастрычніка пачаўся чарговы суд. Дыпламаты прыйшлі да будынка суда, дзе разглядаюць справу Шарэнда-Панасюк, каб выказаць сваю салідарнасць. Там да іх чапляліся прапагандысты.
"Той факт, што маці дваіх непаўналетніх дзяцей у Дзень маці нягледзячы на ўжо адбыты турэмны тэрмін вымушана зноў паўстаць перад судом, дэманструе бязлітаснасць беларускага рэжыму ў дачыненні да іншадумцаў... Абвінавачванні супраць яе несправядлівыя і палітычна матываваныя", — піша амбасада Германіі.
Фэдеральны ўрад Германіі патрабуе вызваліць усіх палітычных зняволеных у Беларусі.
Палітзняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк абвінавачваюць у "злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі". Справу разглядае суддзя Станіслаў Іванюценка, які летась ужо дадаў ёй год зняволення.
Паліна Шарэнда-Панасюк — грамадская актывістка з Брэста, якая трапіла за краты ў студзені 2021 года. У чэрвені таго ж года яе асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ў "гвалце" ў дачыненні да міліцыянераў і іх "абразе", а таксама ў "абразе Лукашэнкі". Потым яе яшчэ двойчы судзілі за "непадпарадкаванне" адміністрацыі калоніі. Агульны прысуджаны ёй тэрмін склаў чатыры гады пазбаўлення волі. У красавіку 2024-га прапагандысты апублікавалі інтэрв'ю з палітзняволенай: яна сказала, што напісала прашэнне аб памілаванні і спадзяецца на станоўчы вынік. Паліна мусіла выйсці на волю 21 траўня 2024 года, але яе перавялі ў гомельскае СІЗА і трэці раз абвінавацілі ў "непадпарадкаванні".
На волі Паліну Шарэнда-Панасюк чакаюць двое сыноў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.