Амерыканскія навукоўцы даказалі, што арэхі бароняць ад інфаркту і раку
Даследаванне цягнулася 30 гадоў. Дзякуючы арэхавай дыеце смяротнасць падчас эксперымента знізілася на 20%!
Людзі, якія ядуць арэхі, жывуць даўжэй. Да такой высновы прыйшлі амерыканскія навукоўцы, даследаванне якіх публікуе “Медыцынскі часопіс Новай Англіі” (ЗША).
“Найбольш відавочнай перавагай было скарачэнне на 29% смяротнасці ад сардэчна-сасудзістых захворванняў — асноўнай прычыны смерці ў Амерыцы. Але таксама мы бачылі значнае зніжэнне, на 11%, рызыкі смерці ад раку”, — каментуе вынікі даследавання Чарльз Фукс, які ўзначальваў каманду навукоўцаў.
Увогуле ж дзякуючы арэхавай дыеце смяротнасць падчас эксперымента знізілася на 20%. Даследаванне ахапіла 120 тысяч чалавек, за якімі назіралі цягам 30 гадоў. Падчас апісання вынікаў аўтары даследавання паспрабавалі вызначыць і вобраз “аматара арэхаў”:
“У параўнанні з іншымі, тыя, хто еў арэхі часцей, былі больш стройныя, радзей курылі, хутчэй за ўсё, выкарыстоўвалі мультывітамінавыя дадаткі, ужывалі больш фруктаў і гародніны, а таксама больш алкаголю”.
Так, так — алкаголю. Але нават нягледзячы на гэта, людзі, якія елі жменю любых арэхаў сем разоў на тыдзень, значна менш пакутавалі ад раку, інсультаў, інфекцыі і выпадкаў нырачнай недастатковасці і сардэчных захворванняў.
New England Journal of Medicine
Раней лічылася, што ў арэхах шмат тлушчу. Але гэтыя тлушчы карысныя. Што і пацвярджае 30-гадовае назіранне навукоўцаў: людзі, якія штодня елі арэхі, у выніку важылі менш, чым тыя, хто гэтага не рабіў. Брытанскія медыкі таксама былі ўражаныя адкрыццём амерыканскіх калегаў, але занялі даволі стрыманую пазіцыю. Вікторыя Тэйлар, старэйшы дыетолаг “Брытанскага фонду сэрца” кажа:
“Хаця гэта сувязь цікавая (працягласць жыцця і арэхі), патрэбныя дадатковыя даследаванні, каб пацвердзіць, ці гэта арэхі бароняць здароўе сэрца альбо так уплываюць іншыя аспекты чалавечага жыцця”.
Падазрэнні выклікае, хіба, што адзін з заказчыкаў даследавання — Міжнародны харчовы даследчы і адукацыйны фонд “Арэхавае дрэва”. Але фонд не меў права голасу адносна таго, як будзе праводзіцца даследаванне і як будуць пададзеныя яго вынікі.
Варта дадаць, што ў траўні іншыя навукоўцы знайшлі і яшчэ адну карысць арэхаў: рэгулярнае выкарыстоўванне іх у рацыёне зніжае рызыку згубіць памяць.
Фота: latimes.com