Амстэрдам яшчэ не вырашыў, куды перанесці квартал чырвоных ліхтароў — #ІхНоравы
У Ісландыі пачалося вывяржэнне вулкана
Жыхары Ісландыі ўмеюць знаходзіць кампрамісы з прыродай. Яны добра падрыхтаваліся да вывяржэння вулкана і цяпер спакойна назіраюць за гэтым неймаверным прыродным відовішчам.
А сям’я з Англіі сваю любоў да прыроды ўвасобіла ў прынцыповай адмове ад пералётаў, таму дабіраецца да Аўстраліі пешшу. Ну, амаль. А ў Нідэрландах шукаюць кансэнсус паміж прынцыпамі і ўсёдазволенасцю. Пра гэта — у нашым штодзённым аглядзе міжнародных навін.
Амстэрдам ніяк не знойдзе месца для квартала чырвоных ліхтароў
Гарадскія ўлады Амстэрдама прапанавалі перанесці “эратычны цэнтр” у асобны будынак на поўдні горада. Пра планы пазбавіць цэнтр сталіцы гэтай турыстычнай адметнасці, якая замінае мясцовым жыхарам і павышае ўзровень злачыннасці, горад казаў яшчэ ў 2021 годзе. Квартал чырвоных ліхтароў — сусветна вядомае месца, дзе легальна аказваюць секс-паслугі.
Мэр Амстэрдама Фемке Халсема прапанавала перасяліць яго на бульвар Еўропы. Але ідэю раскрытыкавалі. Тут побач знаходзіцца дзелавы цэнтр. Офіс Агенцтва ЕС па лекавых сродках, напрыклад, перажывае за сваіх працаўнікоў, якія застаюцца дапазна і трывожацца за сваю бяспеку. Не згодныя і жыхары паўднёвага Амстэрдама — яны не хочуць суседства з секс-центрам. А самі секс-працаўнікі і працаўніцы крыўдзяцца, што іх адсяляюць і нібыта вінавацяць у празмернай колькасці турыстаў.
Кансэнсусу Амстэрдам пакуль не знайшоў. Ведаючы прыхільнасць нідэрландцаў да пошуку кампрамісаў (гэта ў іх называецца “польдэр-палітыка”), можна быць упэўненымі, што рашэнне яны ў любым выпадку знойдуць. І яно мусіць задаволіць усіх: секс-працаўнікоў, мясцовых жыхароў, турыстаў і сам горад, які даўно хоча пазбавіцца іміджу горада бессаромных вечарынак.
Дачакаліся: у Ісландыі пачалося вялікае вывяржэнне вулкана
Да яго пачалі рыхтавацца больш за месяц таму, і нездарма. Напрыклад, улады эвакуявалі рыбацкае мястэчка Грындавік з насельніцтвам каля 4000 чалавек.
Вывяржэнню папярэднічала некалькі тыдняў інтэнсіўных землятрусаў. І ўрэшце ноччу вулкан выбухнуў. І так моцна, што чырвонае неба і дым відаць нават са сталіцы, горада Рэйк’явіка — а гэта 42 км ад Грындавіка. За некалькі гадзін у вулкане адкрылася шчыліна для выхаду лавы на некалькі кіламетраў. Калі б мястэчка не адсялілі, людзі маглі б загінуць.
Мясцовыя жыхары дык увогуле спадзяюцца вярнуцца ў свае дамы да Калядаў, то-бок ужо на наступным тыдні. Але ўлады пакуль не даюць ніякіх знакаў, што гэта магчыма і бяспечна.
Англічане ратуюць клімат, падарожнічаючы па сушы і па моры
Сям’я з графства Сомерсэт у Англіі прынцыпова адмовілася ад пералётаў у 2002 годзе — бо гэта шкодзіць навакольнаму асяроддзю. Але сястра англічанкі Шэнан Когінс, якая жыве ў Аўстраліі, запрасіла сваячку на вяселле, якое мае адбыцца 28 снежня. Што ж цяпер, адмаўляцца? Вядома, не! Муж, жонка і іх 19-гадовая дачка выправіліся ў падарожжа на 3,5 месяца і 16 000 км.
Яны ехалі праз Казахстан, Кітай, Лаос, Тайланд, Інданезію і знаходзяцца літаральна за крок ад Сіднея. Ім засталося толькі знайсці лодку і перасекчы Ціморскае мора, каб трапіць у Аўстралію.
“Нягледзячы на тое, што мы жывём далёка адно ад аднаго, мы вельмі блізкія, бо наша мама памерла, калі мы былі маладымі, але я ніколі не была ў яе дома, не вазіла яе сына ў школу і нават не сустракала чалавека, за якога яна выходзіць замуж.
Я хачу, каб мы ўсе былі там у дзень яе вяселля, але я таксама спрабую зрабіць усё магчымае, каб паменшыць свой вугляродны след, спрабуючы не лётаць”, — расказала ВВС місіс Когінс.
Сям'я збірала грошы на сваю кругасветку некалькі гадоў. І наземнае падарожжа атрымалася значна даражэйшым, чым авіябілеты. Супругі звольніліся з офіснай працы і адмянілі канцэрты свайго гурта да лета 2024-га.
Яны разумеюць, што строгае прытрымліванне сваіх прынцыпаў вылілася ў выніку ў самую вялікую авантуру ў іх жыцці, але ні пра што не шкадуюць. Кажуць, што гэта “неймаверная прыгода”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.