Аналітык: “Міжнародны трыбунал па МН17 можа быць створаны іншым шляхам”

На пасяджэнні Савета Бяспекі ААН 29 ліпеня Расія скарысталася правам вета і заблакіравала рэзалюцыю па стварэнні трыбунала для расследавання крушэння “Боінга” MH17 на ўсходзе Украіны.

Расійскі бок растлумачыў сваю пазіцыю тым, што рашэнне аб стварэнні трыбунала заўчаснае і палітызаванае, паведамляе РІА “Новости”.

Якім мусіў быць міжнародны трыбунал па расследаванні катастрофы

За стварэнне трыбунала прагаласавалі 11 з 15 краін-удзельніц Савета Бяспекі. Устрымаліся Кітай, Венесуэла і Ангола.

Ініцыятарам рэзалюцыі з’яўляецца Малайзія. Улады гэтай краіны заклікалі Савет Бяспекі ААН стварыць трыбунал “з адзінай мэтай — дамагчыся судовага пераследу тых, хто нясе адказнасць за злачынства, звязанае са збітым самалётам авіякампаніі Malaysia Airlines”.

Праект рэзалюцыі быў распрацаваны сумесна Малайзіяй, Нідэрландамі Аўстраліяй, Бельгіяй і Украінай.

Паводле яе, трыбунал мусіў знаходзіцца ў Нідэрландах і складацца з палаты суддзяў, пракурора і канцылярыі. Вердыкты павінны былі выносіць трое суддзяў, абраныя генсекам ААН.

Трыбунал і нацыянальныя суды маглі мець сумесную кампетэнцыю над справай – але з перавагай трыбунала. Краіны мусілі супрацоўнічаць з трыбуналам па першым запыце: у прыватнасці, усталёўваць месцазнаходжанне асобаў, праводзіць допыты, прадастаўляць дакументы, а таксама арыштоўваць і аддаваць абвінавачаных трыбуналу.

Максімальны тэрмін пакарання для прызнанага вінаватым, паводле дакумента, не мусіў перавышаць 30 гадоў або пажыццёвага зняволення. Акрамя таго, трыбунал даваў права накладаць кампенсацыі на блізкіх сваякоў ахвяраў, паведамляе руская служба ВВС.

Прыцягнуць да адказнасці незалежна ад пасады

Паводле статута трыбунала, яго дзеянні мусілі распаўсюджваецца на любых асобаў, незалежна ад іх пасадаў. У выпадку прызнання віны ад крымінальнай адказнасці не мог быць вызвалены ні прэзідэнт, ні прэм’ер-міністр, ні чальцы парламента ці кабінета міністраў. Крымінальную адказнасць маглі несці не толькі непасрэдныя выканаўцы, але і асобы, якія аддавалі загады, а таксама розным чынам спрыялі гэтаму злачынству.

Разам з тым у дакуменце адзначалася, што ад адказнасці маглі быць вызваленыя асобы, якія па законе былі абавязаныя прытрымлівацца загадаў ці якія не ведалі, што загад незаконны. 

Кіраўніца аддзела Усходняй Еўропы арганізацыі FIDH Саша Кулаева кажа, што весці гутарку пра міжнародны трыбунал на ўзроўні Савета Бяспекі ААН пасля расійскага вета больш не мае сэнсу:

“Вета Расіі ў Савеце бяспекі – рэч, якую абысці немагчыма. І цяпер тыя, хто вядуць следства, будуць спрабаваць іншыя шляхі”.

Кіраўнік юрыдычнай службы “Беларускага Хельсінскага Камітэта” Гары Паганяйла кажа, што юрыдычна ёсць іншыя магчымасці для таго, каб прасоўваць ідэю аб міжнародным трыбунале. І зацікаўленыя асобы могуць скарыстацца міжнароднымі механізмамі для прыцягнення вінаватых да крымінальнай адказнасці.

“Акрамя Савета Бяспекі, гэтую працэдуру можна ініцыяваць праз Генеральнага сакратара ААН, з вынасам яе на сесію Генеральнай Асамблеі. Можа быць зацверджаны міжнародны суд у Гаазе, напрыклад, па просьбе Нідэрландаў, якія вядуць афіцыйнае расследаванне”, — распавядае Гары Паганяйла.

Нагадаем, “Боінг” авіякампаніі Malaysia Airlines, які рухаўся рэйсам з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, разбіўся ў Данецкай вобласці Украіны 17 ліпеня мінулага года. Загінулі ўсе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце. Паводле асноўнай версіі следства, лайнер быў збіты з тэрыторыі, падкантрольнай прарасійскім фармаванням, з зенітна-ракетнага комплексу “Бук”, які прыбыў з тэрыторыі Расіі. Крэмль абвяргае сваё дачыненне да знішчэння самалёта і вылучае розныя версіі аб вінаватасці ўкраінскіх вайскоўцаў.

Фота: glagol.su, dic.academic.ru, 112.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі