Ананімны электронны кашалёк для наркагандлю прадаюць за $150

Падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай барацьбе з наркотыкамі, кіраўнік Упраўлення па наркакантролі МУС Васіль Лосіч закрануў адну з самых актуальных праблемаў: закручванне гаек у інтэрнэце.

Як вядома, дзякуючы тэхнічнаму прагрэсу, дылеры распаўсюджваюць забароненыя рэчывы праз інтэрнэт, без кантакту з пакупнікамі. Спажыўцы кладуць грошы на электронныя кашалькі, а потым забіраюць “тавар” у схаваных месцах, адрасы якіх ім перадаюць праз інтэрнэт.

Лосіч паведаміў што цягам года закрыты ўжо 45 інтэрнэт-крамаў. Праца працягваецца. Бяруцца пад кантроль плацёжныя сістэмы, куды пакупнікі залічваюць грошы.

“Свае айчынныя плацёжныя сістэмы мы ўзялі пад кантроль. Адладжваем схему дзеяння на гэты конт з постсавецкімі краінамі і дзяржавамі Еўрасаюза”, — паведамляе галоўны наркаміліцыянер краіны. 

Тым часам самы папулярны наркафорум краіны працягвае свабодна адкрывацца з Беларусі. З Мінсувязі Еўрарадыё паведамлялі, што закрывалі гэту вэб-старонку. Прычыны, чаму наркафорум працягвае працаваць, не паведамляюцца.

Сярод аб’яваў хапае і прапановаў аб паслугах бяспечнага грашовага абароту паміж наркаспажыўцамі і дылерамі. Еўрарадыё звязалася па адной з такіх аб’яваў. Суразмоўца за 150 долараў прапанаваў набыць картку замежнай плацёжнай сістэмы, завязаную на расійскі банк. Таксама ён прапанаваў варыянт адмыўкі электронных грошай за 10% камісійных.

Хапае аб’яваў і з прапановамі набыць наркотыкі праз беларускія плацёжныя сістэмы, якія нібыта ўжо кантралююцца.    

Зламыснікі дэманструюць тавары для наркагандлю: ананімныя карткі расійскай электроннай плацёжнай сістэмы і сімкі

Галоўны нарколаг Мінздароўя Іван Канаразаў пацвярджае, што спосабы барацьбы з дылерамі ў інтэрнэце і многія іншыя меры, прадугледжаныя антынаркатычным Дэкрэтам №6,  далі відавочны плён.

“У мінулым годзе ў таксікалогіях мы штодзённа назіралі паступленне асобаў з перадазіроўкамі. Сёння цягам тыдня іх можа не фіксавацца, а на наступным тыдні цягам аднаго дня здараецца некалькі шпіталізацый. Гэта сведчыць пра тое, што ўзніклі  сур'ёзныя бар'еры для пастаўшчыкоў”, — адзначае Канаразаў.

Фота digit.ru і з наркафоруму

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі