Анастасія Шпакоўская: Чарговае пазбаўленне ад ілюзій

У студыю Еўрарадыё Наста забягае па дарозе дадому пасля рэпетыцыі ў тэатры. Размаўляем пра актуальнае.

Еўрарадыё: Пра што ты цяпер думаеш, Наста? Што на дадзены момант самае актуальнае ў тваім жыцці?

Анастасія Шпакоўская: Цяпер я шмат часу аддаю гурту і канцэрту, які адбудзецца 28 лістапада. Ён будзе не простым, таму што ўпершыню на адной пляцоўцы мы выступім з праграмай Naka Piano, а ў другім аддзяленні будзе Naka поўным складам. Заўсёды падрыхтоўка да вялікіх канцэртаў займае шмат часу. Тым больш цяпер, у сувязі з тым, што ў гурце змяніліся два музыканты, думкі пра канцэрт больш навязлівыя.  Яшчэ думаю пра дэпрэсняк. Дакладней, нават не я пра яго думаю, а ён пра мяне: неяк накрывае перыядычна то там, то сям, прыносячы адчуванні непазбежнага бегу бязглуздзіцы. І неяк крыху сумнавата. Хаця я раней не пакутавала на ўсе гэтыя асеннія прыпадкі, а сёлета мяне так накрыла "па поўнай". І я спрабую вынырнуць з гэтага стану. Не заўсёды паспяхова, але спрабую.

Еўрарадыё: У анатацыі да канцэрта Naka задаецца пытанне: дык якая ж Naka сапраўдныя, электрычная ці акустычная? Ці ёсць момант пераўвасаблення цябе ў гэтых дзвюх праграмах гурта?

Анастасія Шпакоўская: Я не разглядаю варыянта, што мне трэба будзе змяняцца, таму што ніколі, выступаючы з гуртом, я не грала нейкі вобраз, у адрозненне ад тых вобразаў, якія я выконваю на тэатральнай сцэне. Там, сапраўды, я граю лёсы іншых людзей. А што тычыцца гурта Naka, і ў чым яго галоўная каштоўнасць для мяне — гэта тое, што я гавару, тое, што я думаю, і раблю тое, што хачу, што я адчуваю, што мне трэба рабіць. І я не магу гэтага не рабіць. Проста ў акустычным гучанні магчымыя больш інтымныя кантакты з гледачамі, больш асабістыя стасункі, вершы, пытанні — то бок, уся праграма Naka Piano задумвалася менавіта для сцірання межаў між тым, хто выступае на сцэне і гледачом у зале. І для мяне вельмі каштоўныя гэтыя блізкія стасункі. Таму што падчас электрычных выступаў я фактычна не звяртаюся да гледачоў, мы проста граем песні. Тут розніца ў спосабе існавання, груба кажучы, у больш ціхім і больш гучным .

Еўрарадыё: А ў якім з варыянтаў гурта ты сябе адчуваеш больш утульна?

Анастасія Шпакоўская: Я сапраўды камфортна сябе адчуваю і з Naka Piano і з "Накай". Але паколькі Naka задумвалася як рок-гурт першапачаткова, і песні, якія я пішу, я іх чую перш за ўсё ў рокавым гучанні, мне ўсё ж выступы поўным складзе бліжэйшыя па нутру.

Еўрарадыё: Пасля мінскага канцэрту вы выбіраецеся ў тур. Чым плануеце заняцца пасля?

Анастасія Шпакоўская: Будзем працаваць над новымі песнямі і рухацца далей. У наступным годзе Naka адзначыць сваё 10-годдзе і трэба да гэтай даты падрыхтаваць нешта цікавае.

Еўрарадыё: Дарэчы, ужо думалі, як будзеце адзначаць гэтую дату?

Анастасія Шпакоўская: Ну, думаю, канцэрт... Не проста ж банкет будзе, патрэбны ж яшчэ і канцэрт! (смяецца)

Пра мінулы год і адкрыцці

Еўрарадыё: Мінае 2013 год. Якім для цябе, уласна, быў гэты год? Якім ён стаў для гурта Naka? І ці адкрыла ты некага ў беларускай музыцы ў сыходзячым годзе?

Анастасія Шпакоўская: Маё асабістае адкрыццё ў беларускай музыцы не толькі апошняга года, а 10-годдзя — гэта гурт Nizkiz. Калі мы гаворым пра музыку фарматную і ў той жа час змястоўную, гэтыя хлопцы ўмудраюцца гэта сумяшчаць на вельмі годным узроўні. Яны крутыя і ў падыходзе да працы, да аранжыровак, да сэнсавай нагрузкі песень. Вельмі здорава, што ў нас з'явілася такая каманда. Дай Бог ім поспехаў і ўсяго самага лепшага.

Год у нас з "Накай" быў вельмі пладавіты. Мы выдалі 2 альбомы: у красавіку — "Довольна", у верасні — "Piano". Мы ўпершыню сутыкнулася з прафесійным запісам раялю, і давялося адкрыць шмат цікавых фішак у гуказапісу і звядзенні.

Да таго ж, я ўзяла ўдзел у праекце "Апошні золак". Па-першае, у мяне ўпершыню адбыліся дастаткова блізкія стасункі з адразу многімі музыкамі. І ў нас была вельмі цікавая і душэўная каманда. І ўпершыню было адчуванне таго, што людзі могуць разам зрабіць нешта годнае, забываючы пра беларускі менталітэт, пра тое, што трэба некага "паганьбіць", быць нечым незадаволеным. То бок, у нас усё атрымалася так добра і светла ўнутры, што было шкада, што тэхнічна, на жаль, яно не прагучала так, як было задумана.

Шмат чаго было зроблена, і шмат што робіцца. Год цяжкі, таму што, мабыць, у мяне ўнутры ёсць такое памылковае чаканне таго, што калі ты шмат чаго робіш, то ты мусіш нешта атрымаць наўзамен. А неяк я не адчула нейкай аддачы. Ёсць у мяне такая рыса, што калі ты моцна пагружаны ў нешта, то падаецца, што ўсе навокал павінны быць так жа пагружаны ў гэта. Але гэта не так. І, мабыць, у мяне яшчэ адбываецца перыяд  сталення, калі трэба прыняць рэчы такімі, якія яны ёсць, а не спрабаваць прыцягнуць іх неяк фізічна. Таму, у сувязі з такой дастаткова аб'ёмнай працай, былі чарговыя пазбаўленні ад ілюзій.

Апошняе фота  Валянціна Хасяневіча

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі