Анціпенка: Людзі не ўсведамляюць, што суд часам можа памыліцца

111129 AncipenkaS.mp3

Алесь Анціпенка: Сёння ў свеце больш за 50 краін ажыццяўляюць смяротнае пакаранне. І ўсяго толькі 90 адмовіліся ад яго... Падчас рэферэндуму 1996 года каля 80 адсоткаў беларусаў выказаліся супраць адмены смяротнага пакарання. Таму дзяржава як бы ажыццяўляе волю гэтых людзей, яна дзейнічае ад імя гэтых 80 адсоткаў беларусаў, якія выказаліся за пакаранне. І можна сказаць, што ў тых больш як 50 краінах, у якіх ажыццяўляецца смяротнае пакаранне, грамадства таксама фактычна апраўдвае гэтыя дзеянні дзяржавы. Таму дзяржава ў такім выпадку дзейнічае ад імя грамадства, ад імя кожнага грамадзяніна.

Еўрарадыё: Сапраўды, згодна з афіцыйнымі дадзенымі, 80 адсоткаў беларусаў падтрымалі на рэферэндуме смяротнае пакаранне (хаця і была гаворка пра фальсіфікацыю вынікаў). Але ці разумеюць грамадзяне, што ў такім разе яны нясуць адказнасць разам з дзяржавай за адабранне жыцця?

Алесь Анціпенка: Мушу сказаць, што я не належу да тых 80 адсоткаў, якія на рэферэндуме выказаліся за смяротнае пакаранне. На жаль, не толькі ў нашым грамадстве пануе закон "Вока за вока, зуб за зуб" — закон Старога запавету. Людзі, на вялікі жаль, часам не ўсведамляюць, што за гэтым правам, якое яны дэлегуюць дзяржаве, ляжыць брутальнасць, што гэта можа аказацца памылкай і што могуць быць пазбаўленыя жыцця невінаватыя людзі. Усё ж такі гэта сапраўды сведчанне таго, што ў грамадскай думцы (і не толькі ў нашай краіне) яшчэ няма дастатковага разумення таго, што пазбавіць жыцця іншага чалавека — гэта вельмі вялікі грэх.

Еўрарадыё: А чаму некаторыя дзяржавы падтрымліваюць смяротнае пакаранне? Чаму чалавек шукае помсты?

Алесь Анціпенка: Смяротнае пакаранне ажыццяўляецца не толькі ў краінах трэцяга свету, але і, напрыклад, у Інданэзіі, Індыі, Кітаі. А гэта краіны з доўгай традыцыяй талерантнасці, з доўгай традыцыяй не ўжывання гвалту. У тых жа Злучаных Штатах грамадская думка далёка не заўсёды на баку прыхільнікаў адмены смяротнага пакарання. Каля 60 адсоткаў амерыканцаў выступаюць, каб ужывалася смяротнае пакаранне ў выпадку, калі здзейсненае забойства...

Чаму дзяржавы ўжываюць смяротнае пакаранне? Тут адназначна адказаць нельга. Я думаю, што адна з прыхаваных заключаецца ў тым, што магчымасць выконваць смяротнае пакаранне — гэта частка ажыццяўлення ўлады дзяржавай, бо ўлада часткова базуецца на страху. А страх смерці — гэта адзін з самых моцных страхаў, які мае чалавек. У гэтым сэнсе гэта права дзяржавы, якое яна сама сабе дае, альбо ажыццяўляе ад імя грамадзян, фактычна – частка ажыццяўлення ўлады.

Фота — baj.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі