Андрэй Кузнечык: "Я з 13 гадоў жыву беларушчынай"
Перад сваім затрыманнем Андрэй Кузнечык папрасіў Арамаіса Міракяна апублікаваць тэкст наконт таго, чаму ён не захацеў з'язджаць з Беларусі. Тэкст мусіў быць апублікаваны ў тым выпадку, калі на Кузнечыка пачнуць крымінальную справу.
"Я з 13 гадоў жыву беларушчынай, паступіў на філфак дзеля яе, жыў і працаваў з арыентацыяй на яе, цяпер мне за 40, але справа не ў тым, што позна пачынаць з нуля, справа ў тым, што я не хачу збочваць са сцежкі працы на карысць беларушчыны.
У цяперашніх умовах мне здаецца меншай пакутай адбыць у вязніцы прыдуманы тэрмін, чым развітацца з радзімай на няпэўны (аж да скону) час (хоць тут я магу фатальна памыляцца ў тым, наколькі далёка могуць зайсці рэпрэсіі).
Я лічу, што дзеці, узгадаваўшыся ў небеларускім асяроддзі, стануць носьбітамі каштоўнасцяў гэтага асяроддзя, а Беларусь — адзінае месца на Зямлі, дзе гэтае асяроддзе мы маем, можам ствараць і разлічваць на яго.
Я бачу, што суседнія краіны ствараюць свой гістарычны міф на падмурку, часам адрозным і нават супярэчным беларускаму.
Я бачу, што перад суседнімі з Беларуссю краінамі стаяць выклікі, якія могуць запатрабаваць не меншай ахвярнасці, чым цяперашняя сітуацыя патрабуе ад беларусаў сёння".
Фрылансер Радыё "Свабода" Андрэй Кузнечык быў затрыманы 25 лістапада. Сёння стала вядома, што на яго пачалі крымінальную справу. Па якім артыкуле яго падазраюць, невядома.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.