Анджэй Дуда: "Рэферэндум, арганізаваны Расіяй, нічога не варты"
Заходнія палітыкі — супраць рэферэндумаў на ўсходзе Украіны / pixabay.com
Заходнія палітыкі і кіраўнікі дзяржаваў выказваюцца супраць рэферэндумаў, якія плануецца правесці на ўсходзе Украіны.
Канцлер Германіі Олаф Шольц заявіў, што краіна не прызнае іх вынікі, перадае Бі-Бі-Сі.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда сказаў: "Рэферэндум, арганізаваны Расіяй, нічога не варты".
Спікер Белага дома падкрэсліў: "Рэферэндумы, якія арганізуе Расія, з'яўляюцца абразай прынцыпаў суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці".
Гэткую ж думку выказала прэм'ер-міністр Эстоніі Кая Калас: "Так як Расія прасоўвае фэйкавыя рэферэндумы на акупаваных тэрыторыях Украіны, дазвольце мне сказаць гэта гучна і ясна: мы ніколі гэтага не прызнаем".
Як распавядала Еўрарадыё, сёння стала вядома, што на акупаваных тэрыторыях Херсонскай і Запарожскай абласцей, а таксама ў так званых "ЛНР" і "ДНР" пройдуць рэферэндумы па далучэнні да Расіі. Арганізаваць іх плануецца з 23 па 27 верасня.
Украінскія ўлады заклікаюць жыхароў не ўдзельнічаць у незаконным галасаванні. Удзел у рэферэндуме можа разглядацца як акт калабарацыі з акупантамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.