Анексія па-венесуэльску, рэкорды GTA VІ і “забойца” ChatGPT — #ІхНоравы
Кароткі агляд міжнародных навін
Пакуль розныя кампаніі ўсё шырэй выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі, аўтарытарным лідарам усё больш даспадобы старыя правераныя метады: напрыклад, анексія тэрыторыі чужой дзяржавы. Пра гэта і не толькі — у нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.
Мадура атакуе
Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура пачаў рэалізаваць план анексіі багатага на нафту рэгіёна Эсэкіба, які належыць Гаяне. Ён афіцыйна абвясціў частку суседняй краіны 24-м штатам Венесуэлы і заклікаў свой парламент прыняць адпаведны закон, які гэта аформіць.
Мадура таксама паказаў новую карту краіны, якая ўключае Эсэкіба, і даручыў накіраваць яе ва ўсе школы, каледжы і ўніверсітэты Венесуэлы. Ён таксама распарадзіўся неадкладна пачаць выдаваць ліцэнзіі на здабычу нафты ў гэтым багатым на рэсурсы рэгіёне.
Венесуэла на фоне канфлікту з суседняй Гаянай ужо мабілізуе войска.
Таксама паведамляецца, што Мадура прызначыў выканаўцу абавязкаў губернатара рэгіёна, які цяпер знаходзіцца пад уладай Гаяны.
Гаворка ідзе пра спрэчную тэрыторыю на захад ад ракі Эсэкіба. Яе плошча складае 159,5 тысячы квадратных кіламетраў, гэта каля дзвюх трацін усёй тэрыторыі Гаяны. У 1899 годзе трацейскі суд у Парыжы прызнаў тэрыторыю Эсэкіба часткай Гаяны — тады яна была калоніяй Вялікабрытаніі.
Цяпер Венесуэла дамагаецца скасавання гэтага рашэння, сцвярджаючы, што яно было несправядлівым, і правяла рэферэндум, на якім 95% насельніцтва, паводле афіцыйных звестак, выказалася за анексію рэгіёна.
Студыя апублікавала відэа на сваім YouTube-канале, дзе яно набрала больш за 100 мільёнаў праглядаў — на гэта пайшло каля 33 гадзін. Трэйлер GTA VI паставіў некалькі рэкордаў:
- ён стаў самым папулярным ролікам на канале Rockstar, апярэдзіўшы першы трэйлер GTA V, які сабраў за 12 гадоў каля 100,5 мільёна праглядаў;
- ніводнаму іншаму гульнявому трэйлеру не ўдавалася дасягнуць выніку ў 90 мільёнаў праглядаў менш чым за суткі пасля выхаду;
- трэйлер GTA VI аказаўся самым прагляданым немузычным відэа на YouTube за 24 гадзіны: ён апярэдзіў ролік блогера MrBeast з 59,4 млн праглядаў усяго за 13 гадзін.
Абсалютны рэкорд па колькасці праглядаў на YouTube за 24 гадзіны належыць кліпу на песню “Butter” ад паўднёвакарэйскага гурта BTS — крыху больш за 108 мільёнаў. Аднак трэйлер GTA VI усё роўна ўвайшоў у лік лідараў пляцоўкі па хуткасці дасягнення адзнакі ў 100 мільёнаў праглядаў.
Google прадставіла Gemini — гэта галоўны і бясплатны канкурэнт ChatGPT
Дамінаванне OpenAI, аўтараў ChatGPT, у галіне генератыўнага ШІ неўзабаве можа скончыцца: Google афіцыйна прадставіла Gemini, сваю самую крутую мадэль штучнага інтэлекту, якая "знішчае" GPT-4. Але пакуль толькі на паперы.
Галоўная фішка Google Gemini — мультымадальнасць. Гэтую ШІ-мадэль вучылі на розных тыпах інфармацыі, у тым ліку тэкст, код, аўдыё, фота і відэа. Яна будзе лёгка разумець і апрацоўваць кожны з іх, гаворыцца ў блогу кампаніі.
Разам з тым Google называе Gemini самай гнуткай мадэллю: яна здольная эфектыўна працаваць на любых дэвайсах — ад вялізных цэнтраў апрацоўкі дадзеных да мабільных прылад.
Месяц таму Ілан Маск прадставіў Grok — гэта гутарковы чат-бот, які мусіць быць "як ChatGPT, толькі лепшы". У адрозненне ад падобных мадэляў, ён "любіць сарказм" і быў створаны, каб мець "трохі гумару" ў сваіх адказах.
У той жа час Meta Марка Цукерберга рыхтуецца да запуску незвычайных чат-ботаў з рознымі асобамі. Напрыклад, адзін з іх будзе гаварыць як 16-ы прэзідэнт ЗША Абрахам Лінкальн. А парады падарожнікам пачне даваць чат-бот у выглядзе персанажа-сёрфера.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.