Аня Хітрык і "S°unduk" рыхтуюць альбом для вясны і лета
Натуральна, што з’явіцца дэбютнік каманды павінен у траўні.
Гурт "S°unduk" заканчвае працу над дэбютным альбомам. Музыканты спадзяюцца, што рэліз пласцінкі адбудзецца напрыканцы траўня.
Як распавяла Еўрарадыё Аня Хітрык, працаваць над альбомам, будучы маладой мамай, вельмі смешна: маленькі Сцяпан дае маме на працу ўсяго па 2 гадзіны!
Аня Хітрык: "У мяне ёсць дзве гадзіны ў дзень, калі малыш спіць на вуліцы. Мы прыязджаем з Сярожкам і са Сцёпкам да студыі, я выгружаюся, а Сярожка 2 гадзіны гуляе ў парку з малышом. Пасля я выбягаю, ён прачынаецца, і пачынаецца новае жыццё. Вельмі забаўна ўсё, пахвілінна!"
У адрозненні ад апошняга альбома "Рух", які Аня Хітрык запісала ў складзе гурта "Детидетей", дэбютны альбом "S°undukа" будзе больш простым па гучанні, веснавым і, магчыма, жаночым.
Аня Хітрык: "Я хацела, каб мы запісалі такі празрысты альбом, без празмернасці ўсялякіх даблаў, розных штучак і гітарных партый. Мне вельмі хацелася, каб гэты альбом быў веснавым, таму я і хачу, каб ён усё ж такі выйшаў у траўні - апошнім месяцы вясны. Я б такі альбом хацела слухаць вясной і летам".
Многія аматары творчасці Ані Хітрык адзначаюць, што са з’яўленнем "S°undukа" музыкі сталі больш дарослымі. Праўда, сама спявачка кажа, што не можа адэкватна ацэньваць свае песні.
Аня Хітрык: "Па-мойму, там і дурасці хапае! Але ў альбом дурасць не ўвайшла ў асноўным. А ўвайшлі песні, якія былі напісаныя за адзін перыяд – за лета і пачатак восені. Перыяд, які ўвогуле змяніў і нас усіх, і нам усё".
У альбома ёсць працоўная назва, але пакуль гурт яе не называе, бо музыкі не вызначыліся з канчатковай версіяй. Паміж сабой, кажа Аня Хітрык, яны называюць альбом празрыстым, бо гэта адлюстроўвае не столькі яго назву, колькі сутнасць.
Аня Хітрык: "Мы вырашылі, што вось сядзем усе разам на днях, паслухаем усе-усе кампазіцыі, і вырашым, падыходзіць альбому наша працоўная назва, ці не".
Плануецца, што ў альбом увойдуць 13 кампазіцый, а калі ўсё атрымаецца, то будзе і адмысловы бонус-трэк.
"Калі адзін чалавечак з’явіцца і нас не падвядзе, то будзе яшчэ такі падарунак, у выглядзе бонуса, – інтрыгуе Аня. - Можа быць, гэта будзе нейкі відэашэраг".