Гурт S°unduk на чале з Ганнай Хітрык выдае "Том II"
Як кажа спявачка, новая пласцінка стане лагічным працягам першага альбома гурта і ўвойдзе ў будучы шматтомны "збор твораў".
"Мы калісьці, калі яшчэ толькі задумалі "Том I", падумалі, што гэта як у класікаў — калі на палічцы стаяць любімыя кніжкі. А асабліва класна, калі гэтыя кніжкі з адной серыі. Напрыклад, Чэхаў, том 1,2,3,4 і г.д. Мне вельмі падабаецца, калі ўсё вытрымана ў адзіным стылі. Апавяданні, гумарэскі, нешта яшчэ. І мы адразу задумалі зрабіць такі "некалькітомнік". Самі не ведаем, колькі ў ім будзе тамоў. Таму калі мы пісалі першы том, ужо ведалі, што будзе і другі. І што ён будзе адмысловым працягам першага".
У альбом увойдзе 13 кампазіцый, напісаных на рускай мове. Яго канцэртная прэзентацыя адбудзецца ўжо 4 лістапада. Новыя ж беларускамоўныя песні, сярод якіх і творы на вершы Андрэя Хадановіча, Аня Хітрык беражэ для будучай беларускамоўнай пласцінкі. Пакуль музыкі збіраюць гэтыя песні, "каб пасля было з чаго выбіраць і раздумваць".
Паслухаць частку новых песень можна будзе ўжо 8-га кастрычніка падчас канцэрту S°unduk у малой зале к/з "Мінск". А вось на фестываль "Бардаўская восень", што пройдзе ў кастрычніку ў Бельску-Падляскім, гурт павязе выключна беларускамоўную праграму.