Гурт "S°unduk" прэзентаваў першую песню на беларускай мове
Адмысловую прэзентацыю песні “Вясна” музыкі зладзілі ў першы вясновы дзень падчас свайго сольнага канцэрта.
Лідарка гурта Аня Хітрык прызнаецца, што на напісанне песні яе натхніла перш за ўсё чаканне вясны ды канцэрт Б’ёрк! Тое, што "Вясна" атрымаецца на беларускай мове, стала сюрпрызам і для самой спявачкі.
“І, шчыра кажучы, я нават не думала пра мову, бо была ўпэўненая, што яна будзе звыкла для нас на рускай мове, — кажа Аня Хітрык. — Неяк мы з сынам Сцяпанам танчылі пад канцэрт Б’ёрк, і я пачала напяваць куплет адразу на беларускай мове, прыгаворваючы: “Ну калі ж прыйдзе вясна, я так хачу!”. Я не магу сказаць, што ў гэтай песні ёсць нейкі асаблівы глыбокі сэнс. Гэта маё ўяўленне вясны, вось такое. Мая вясна такая, як у гэтай песні!”
"Вясна" ў Ані Хітрык атрымалася смелай! Бо менавіта смелых гэтая пара году і любіць, лічыць Аня. Пра тое, якія яшчэ сюрпрызы падрыхтаваў “S°unduk” для першага вясновага канцэрту, глядзіце ў нашым рэпартажы.
"Усё настолькі добра! - працягвае расповед пра песню "Вясна" Аня Хітрык. - Мабыць, з прыходам вясны ў кожнай дзяўчынке, дзяўчыне, жанчыне прачынаецца маленькая прыгажуня. Пазяхае. А далей кожная робіць па-свойму: нехта выраўноўвае валасы, нехта іх завівае, нехта робіць прычоскі. Нехта проста паглядае на новыя кеды і думае: "Хутка, хутка я вас апрану!" Карацей, у кожнага свая прыгажуня!" - так непрыметна Аня перайшла ад песні "Вясна" да "Прыгажуні"
Аня ў вобразе "капуснага матылька" падчас выканання аднайменнай песні
Нягледячы на вясновы настрой першых кампазіцый, агульную праграму канцэрта Аня Хітрык прадстаўяе як "канцэрт сумных песень":
"Я ж нармальная жанчына! - смяецца Аня. - Радавацца доўга не ўмею! Мне слёзы давай! Таму, даражэнькія, сёння вас чакае менавіта такі канцэрт! І хто прыйшоў паслухаць казачныя песні - адну пачуе!"
Поле папяровых цюльпанаў адмыслова для Ані Хітрык
Юля Глушыцкая і Аня Хітрык "чокаюцца" цюльпанамі
Канцэрт доўжыўся амаль тры гадзіны і скончыўся "бісам" "Там". Яе "Сундукоўцы" выканалі адмыслова для віяланчэлісткі гурта Юлі Глушыцкай, якая на пэўны час пакідае гурт і з'язджае да мужа ў Маскву. Але, як патлумачыла Еўрарадыё Аня Хітрык, на гэтым супраца "S°undukа" і Юлі ні ў якім выпадку не скончыцца - яны развітваюцца на некаторы тэрмін, у сям'і віяланчэлісткі чакаецца папаўненне. Юля Глушыцкая ўжо запісала ўсе свае партыі для будучага альбома каманды, і працягне працу над плыткай праз інтэрнэт.
"Мы ж нікуды не сыходзім! - тлумачыць пасля канцэрта Аня Хітрык. -У любым выпадку мы б рабілі на гэты час канцэртны перапынак. Мы актыўна рыхтуем "Том ІІ", яна ўжо сваю працу зрабіла. Я думаю, што калі ўсё атрымаецца, ужо восенню мы разам з Юляй зладзім прэзентацыю "Тома ІІ". Таму ўсё гэта не надоўга. Яна вернецца!"