Анжаліка Борыс расказала прэзідэнту Польшчы пра сустрэчу ў калоніі з Пачобутам

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і кіраўніца Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і кіраўніца Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс / prezydent.pl

Кіраўніца Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс сустракалася ў калоніі з палітзняволеным журналістам Анджэем Пачобутам. Сустрэча адбылася з дазволу Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта Барыс расказала падчас размовы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, паведамляе прэс-служба кіраўніка польскай дзяржавы.

Напярэдадні Дуда прыняў у Прэзідэнцкім палацы прадстаўнікоў праўлення Асацыяцыі палякаў Беларусі. Падчас гэтай сустрэчы Борыс "паведаміла пра сваю сустрэчу са зняволеным у папраўчай калоніі ў Наваполацку Анджэем Пачобутам, якая адбылася са згоды Аляксандра Лукашэнкі", гаворыцца ў паведамленні прэс-службы. Калі адбылася сустрэча Борыс і Пачобута, невядома.

Нагадаем, пасля вызвалення вясной 2023 года Борыс расказвала пра адну сустрэчу з Пачобутам у калоніі. Тады яе маці звярнулася да Лукашэнкі з просьбай вызваліць дачку. Улады, паводле яе слоў, дазволілі пабачыцца з Анджэем у надзеі, што Борыс угаворыць яго звярнуцца з прашэннем аб памілаванні.

"Тады ў мяне была адзіная магчымасць убачыць Анджэя пад вартай. Я сказала яму, што маё здароўе не вытрымае гэтага даўжэй", — расказвала мінулай вясной Борыс журналістам. Пачобут катэгарычна адмовіўся з'язджаць і параіў ёй самой трымацца. Пасля гэтага Барыс перавялі пад хатні арышт, а Пачобута пакінулі за кратамі.

Нагадаем, прадстаўнікоў Саюза палякаў Беларусі, у тым ліку Борыс і Пачобута, затрымалі ў сакавіку 2021 года. Борыс абвінавацілі ў распальванні варожасці. Праз год яе перавялі на хатні арышт, а ў красавіку 2023 года крымінальную справу супраць яе спынілі.

Пачобута абвінавачвалі паводле двух артыкулаў: у распальванні варожасці, а таксама ў "закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь". Суд над ім праходзіў у закрытым рэжыме. У лютым 2023 года суддзя Дзмітрый Бубенчык прызначыў журналісту восем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Улетку 2023 года родныя пісалі, што Пачобута на паўгода адправілі ў ПКТ. А ў лютым стала вядома, што яго змясцілі ў ШІЗА. За восем месяцаў яму не дазволілі ніводнага спаткання і ніводнай перадачы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі