Беларусь — мая краіна, я не хачу пакідаць сваю зямлю — Анжаліка Борыс

Анжаліка Борыс / hrodna.life
Анжаліка Борыс / hrodna.life

Кіраўніца неафіцыйнага Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс дала першае інтэрв'ю пасля вызвалення з-пад хатняга арышту. Яно выйшла ў польскай газеце "Rzeczpospolita".

У гутарцы Борыс расказала, як пасля затрымання ўвесну 2021 года адмовілася выехаць у Польшчу. Тады іншыя затрыманыя актывісткі польскай меншасці — Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская, Ганна Панішава — скарысталіся прапановай.

"Так, тады я атрымала такую прапанову, але адмовілася. Я тады не ведала, што адбываецца з Марыяй ці Ірэнай. Я не хацела, каб была такая сітуацыя, што я з'язджаю з краіны, а яны застаюцца. Я не хацела кідаць сваіх сяброў. У другі раз, калі ў мяне была магчымасць выйсці на волю, я пагадзілася, бо не ведала, ці вытрымае маё здароўе ўсё гэта", — расказвае Борыс.

Яна кажа, што яе маці звярнулася да Лукашэнкі з просьбай вызваліць дачку. Як вынікае з інтэрв'ю, улады разлічвалі, што Борыс угаворыць здацца Анджэя Пачобута, і ім дазволілі кароткую сустрэчу: "Так, мама звярнулася з лістом. Тады я таксама вагалася. Тады ў мяне была адзіная магчымасць убачыць Анджэя пад вартай. Я сказала яму, што маё здароўе не вытрымае гэтага даўжэй".

Па яе словах, Пачобут катэгарычна адмовіўся з'язджаць і параіў ёй самой трымацца. Пасля гэтага Борыс перавялі пад хатні арышт, а Пачобута пакінулі за кратамі.

Борыс кажа, што не плануе з'язджаць у Польшчу. Яна кажа, што як настаўніца польскай мовы хоча навучаць гэтай мове дзяцей у Беларусі. Праўда, дадае яна, сітуацыя можа скласціся па-іншаму.

Таксама кіраўніца Саюза палякаў расказала, што наведвала Польшчу ў ліпені 2022 года. У той час яна яшчэ знаходзілася пад хатнім арыштам.

"Маё перабыванне працягвалася нядоўга, я была ў Беластоку. Я сустракалася з сваімі сябрамі. Калегі ўгаворвалі мяне застацца ў Польшчы, але ў мяне быў прызначаны тэрмін для наступнага допыту. Я пачувалася няёмка і вырашыла, што мне трэба вярнуцца. І будзе тое, што будзе. Беларусь — наша краіна, Польшча — наша другая радзіма. Я не хачу пакідаць сваю зямлю", — заявіла Борыс.

Як распавядала Еўрарадыё, 4 красавіка ўлады спынілі крымінальную справу на Анжаліку Борыс. Па "справе Саюза палякаў", пачатай у сакавіку 2021 года быў асуджаны толькі журналіст Анджэй Пачобут — яму прысудзілі 8 гадоў калоніі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі