Палітвязня Анджэя Пачобута змясцілі ў штрафны ізалятар

Анджэй Пачобут

Анджэй Пачобут / agencjawyborcza.pl

Палітвязня Анджэя Пачобута змясцілі ў штрафны ізалятар. За восем месяцаў яму не дазволілі ніводнага спаткання і ніводнай перадачы, паведамляе БАЖ.

Як стала вядома праваабаронцам, практычна ўвесь час зняволення ў папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку Пачобута трымалі ў памяшканні камернага тыпу. Ён адбыў там шэсць месяцаў з чэрвеня 2023-га за адмову ад працы, якую яму па стане здароўя нельга было выконваць. 

Анджэй Пачобут — адзін з лідараў незалежнага Саюза палякаў. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 года. За публікацыю пра падзеі верасня 1939-га журналіста абвінавацілі ў "распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце" — так улады ацанілі тое, што ён назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра задушэнне беларускіх пратэстаў у 2020-м і тэкст 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне. Роўна год таму Пачобут быў асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым у "закліках да санкцый" і ў "распальванні сацыяльнай варожасці". КДБ РБ дадаў яго ў “Спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.

Палітвязню прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі