Апазіцыя будзе назіраць за выбарамі. "Гавары праўду" не паклікалі

Апазіцыя будзе назіраць за выбарамі. "Гавары праўду" не паклікалі

Пра пачатак кампаніі па назіранні за правядзеннем парламенцкіх выбараў журналістам сабраўся расказаць сапраўдны апазіцыйны бамонд: Віталь Рымашэўскі з БХД, Юрась Губарэвіч з Руху "За Свабоду", старшыня ПБНФ Аляксей Янукевіч, сацыял-дэмакратка Ірына Вештард, Леў Марголін з АГП і іншыя паважаныя людзі. Першым выступае Віталь Рымашэўскі. Гаворыць, што сёлета апазіцыйныя назіральнікі не будуць расцярушвацца па ўсёй краіне, а ў асноўным сканцэнтруюцца на прыкладна дзесяці акругах:

"Мы сканцэнтруем нашае назіранне на некалькіх акругах. Іх будзе, я думаю, да дзесяці. Плюс-мінус некалькі. На некалькіх акругах, дзе будуць моцныя кандыдаты, якія змогуць узяць перамогу на выбарах у Парламент. Мы перакананыя, што незалежных кандыдатаў у дадзеных умовах у беларускі парламент пускаць не будуць", — расказвае Рымашэўскі.

Што гэта за акругі, пакуль невядома. Будзе сюрпрыз для ўладаў. Апазіцыянеры збіраюцца кінуць асноўныя сілы туды, дзе зарэгіструюць іх моцных кандыдатаў. Агулам сёлета у парламенцкіх выбарах у якасці кандыдатаў збіраюцца ўдзельнічаць амаль 200 апазіцыянераў. Яшчэ мінімум 1000 чалавек падрыхтуюць для назірання за выбарамі. Прынамсі, так кажа Віталь Рымашэўскі. Трэнінгі павінныя пачацца ў жніўні. У акругах, якія абяруць для асаблівага назірання, апазіцыя абяцае двух сваіх прадстаўнікоў на кожным участку, на наступным тыдні запрацуе спецыяльны сайт.

Апазіцыя будзе назіраць за выбарамі. "Гавары праўду" не паклікалі

Апазіцыянеры таксама расказваюць, што сёлета акрамя фальсіфікацый выбарчая кампанія нясе яшчэ адну небяспеку — кандыдатаў ад несапраўднай апазіцыі.

"Пры адсутнасці рэальных зменаў у выбарчай кампаніі, механізмаў правядзення свабодных выбараў, цалкам магчыма, што пэўных асобаў будуць спрабаваць выдаць за прадстаўнікоў беларускай апазіцыі. І вось кампанія "Права выбару" заяўляе, што нам абсалютна не важна, хто гэта будзе. "Ліберальная партыя" Гайдукевіча альбо хтосьці іншы, мы настойваем на тым, што калі не будзе свабодных выбараў, роўных умоў для ўсіх, то наяўнасць у Палаце прадстаўнікоў двух ці трох апазіцыянераў не будзе азначаць зменаў да лепшага", — папярэджвае Віталь Рымашэўскі.

Пытаюся, чаму сёлета сярод удзельнікаў кампаніі "Права выбару" няма сяброў "Гавары праўду". Год таму падчас прэзідэнцкай кампаніі Андрэй Дзмітрыеў у прэс-канферэнцыі апазіцыйных назіральнікаў удзельнічаў. Адказвае Леў Марголін з АГП, якая прыйшла ў кампанію замест "Гавары праўду":

"Гледзячы, як сябе паводзіць кампанія "Гавары праўду", мы не можам разлічваць на тое, што іх прадстаўнікі будуць аб'ектыўнымі і абсалютна сумленнымі. Бо відаць іх кірунак на супрацу з дзейным рэжымам, і цалкам верагодна, што гэты кірунак захаваўся б і ў кампаніі "Права выбару".

Так што назіранне сёлета без Дзмітрыева з Караткевіч. Старшыня ПБНФ Аляксей Янукевіч пры гэтым просіць зразумець, што апазіцыя не збіраецца мэтанакіравана шукаць парушэнні ў некага ў акрузе. Яе мэта нашмат вышэйшая:

Апазіцыя будзе назіраць за выбарамі. "Гавары праўду" не паклікалі

Кампанія "Права выбару" не ствараецца для змагання з некім, каго лічаць псеўдаапазіцыяй. Ці для барацьбы з нейкімі прайдзісветамі на Захадзе, якія гатовыя атрымліваць дывідэнды ад прызнання рэжыму. Не ў гэтым галоўная мэта. Гэта пабочны эфект. Мы праводзім кампанію, каб абараніць выбар беларускага народа

Старшыня ПБНФ Аляксей Янукевіч

Выбары ў Палату прадстаўнікоў сёлета ў Беларусі пройдуць 11 верасня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі