Апазіцыя патрабуе пераабраць выбаркамы ў Брэсцкай вобласці
Апазіцыянеры патрабуюць пераабраць выбаркамы ў Брэсцкай вобласці. З такой заявай у суд звярнуліся сябры Руху “За свабоду”.
Падчас фармавання трох выбаркамаў Брэсцкай вобласці не былі ўлічаныя прапанаваныя кандыдатуры ад Руху “За Свабоду”. Арганізацыя збіралася вылучыць двух чалавек у брэсцкія і аднаго ў баранавіцкі выканкамы, аднак прозвішчы гэтых людзей на паседжанні папросту не прагучалі.
Каардынатар Руху “За Свабоду” па Брэсце Дзяніс Турчаняк распавёў Еўрарадыё, што патрэбныя дакументы яны даслалі сваечасова, але ў аблвыканкаме заяўляюць, што нічога не атрымлівалі.
Турчаняк: “Пратаколы аб вылучэнні мы накіравалі з Мінску заказным лістом з апавяшчэннем на адрас Брэсцкага аблвыканкаму. Апавяшчэнне было адзначана 24 чэрвеня, то бок у гэты дзень Брэсцкі аблвыканкам ліст атрымаў. Паход да тых асобаў, якія займаліся падрыхтоўкай пасяджэння, прынёс наступныя вынікі: яны зрабілі “круглыя вочы” – маўляў, нічога мы не атрымлівалі. Аднак дакументы сведчаць пра адваротнае”.
29 чэрвеня арганізацыя звярнулася ў суд з патрабаваннем адмяніць вынікі фармавання камісіяў. Па словах актывістаў, былі парушаныя іх палітычныя правы. У прыватнасці, права на ўдзел у вядзенні дзяржаўных справаў праз свабодна абраных прадстаўнікоў і права галасаваць на сапраўдных перыядычных выбарах.
Рух “За Свабоду” патрабуе прызнаць рашэнне Брэсцкага аблвыканкаму і прэзідыўму Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў аб фармаванні камісій неправамоцным і абавязаць іх правесці паўторнае паседжанне.
Раней паведамлялася, што Рух “За Свабоду” вылучыў у тэрытарыяльныя і акруговыя выбаркамы 48 сваіх прадстаўнікоў. Чыноўнікі зацвердзілі толькі двух з іх, абодвух — з Віцебскай вобласці.