Апазіцыянера з дзвюма вышэйшымі адукацыямі не ўзялі на працу вартаўніком

Апазіцыянер з Мёраў Сяргей Васільеў не можа ўладкавацца на працу. Ён мяркуе, што гэта звязана з яго палітычнай дзейнасцю.

"Я звяртаўся па праблеме працаўладкавання і ў мёрскае РАНА, і ў мёрскі аддзел культуры, бо я маю дзве вышэйшыя адукацыі: адну педагагічную, гісторык, а другую культаралагічную, бібліятэкар-бібліёграф. Адказ быў усюды адзін і даволі стандартны, што няма месцаў".

Працы па спецыяльнасці знайсці не ўдалося, і Сяргей уладкаваўся грузчыкам спачатку на камбікормавы завод, потым у райспажыўсаюз. Ад цяжкай працы ён захварэў на астэахандроз, і ў пачатку гэтага года два тыдні ляжаў у бальніцы. Там яму выдалі даведку, што нельга падымаць грузы больш за пяць кілаграм. І арганізацыя, дзе працаваў Васільеў, яго звольніла.

"Як вядома, у нас цяпер кантрактная сістэма, звычайна кантракт заключаюць на адзін год. А ў мяне гэты гадавы кантракт заканчваўся 10 красавіка, прыкладна месяц заставаўся. Дык што яны вырашылі, раз я не магу ўжо грузчыкам працаваць, яны мяне ўладкавалі вартаўніком на адзін месяц, адпачынак даць аднаму вартаўніку, а потым 10 красавіка яны мяне проста звольнілі па заканчэнні кантракта".

Цяпер ужо амаль два месяцы спадар Васільеў беспаспяхова спрабуе знайсці працу па спецыяльнасці. Пакуль што яго паставілі на ўлік у службу занятасці і прызначылі дапамогу ў 360 тысяч рублёў. Кіраўнік мёрскай службы занятасці Таццяна Рымша кажа, што працы па спецыяльнасці для спадара Васільева ў Мёрах няма.

"Якая ў яго праблема, я не ведаю, на жаль. Вакансій вольных па яго спецыяльнасці ў нас афіцыйных няма. Усе вакансіі, якія маюцца ў нас у раёне, яны размешчаныя на сайце і ў нас на інфармацыі. І мы перыядычна яму аб гэтым распавядаем".

Грамадская актывістка з Віцебска Таццяна Севярынец лічыць, што праблема з адсутнасцю вакансій надуманая. Настаўнікаў на Віцебшчыне, у тым ліку і на Мёршчыне, не хапае, а Васільева не бяруць на працу з-за яго палітычных поглядаў.

"Калі чалавека, якому ўжо сорак пяць, а ён не мае працы, пенсіі не зарабіў, сарваў здароўе, грузчыкам працуючы, грузчыкам з дзвюма адукацыямі. Калі наша дзяржава так раскідваецца адукаванымі людзьмі, то што з ёй будзе?"

Пакуль жа Сяргей Васільеў застаецца афіцыйным беспрацоўным, 10 ліпеня яго накіравалі ў абласную бальніцу для паўторнага абследавання. Калі праз некаторы час працу яму знайсці не ўдасца, ён пяройдзе ў разрад дармаедаў і вымушаны будзе плаціць дзяржаве падатак.

Спецыяльна для праграмы "Кардыяграма" 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі