Аптымізаваць штат чыноўнікаў будуць толькі ў мінскім аблвыканкаме?

Аптымізаваць штат чыноўнікаў будуць толькі ў мінскім аблвыканкаме?

На пятым Усебеларускім народным сходзе Аляксандр Лукашэнка заяўляе пра неабходнасць скарачэння штату чыноўнікаў. Такую задачу кіраўнік краіны ставіць кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Анатолю Косінцу, старшыне Мінскага аблвыканкама Сямёну Шапіру і прэм’ер-міністру краіны Андрэю Кабякову.

“Мне паабяцалі вырашыць гэтую задачу, скараціць, няхай у выніку эксперымента, хай на першым этапе ў два разы, дзяржапапрат, а грошы ўсе пакінуць для гэтых дзяржслужачых. І што вы думаеце, гэтая праблема вырашаная сёння? — пытаецца Лукашэнка. — Пакладзіце мне на стол гэтыя прапановы — па скарачэнні дзяржаўнага апарата, я не хачу сказаць у 1,5 — 2 разы (лепш у 2 разы)”.

Не прайшло і тыдня, Мінаблвыканкам падрыхтаваў прапанову па аптымізацыі колькасці чыноўнікаў больш чым на 20%.

"Калі мы вывучылі працу аблвыканкама, дзе сёння працуюць 493 чалавекі, то мы знайшлі магчымым скараціць каля сотні чалавек. Гэтыя прапановы мы выпрацавалі і аддалі ў Адміністрацыю Прэзідэнта для наступнага даклада кіраўніку краіны", — кажа Сямён Шапіра ў эфіры праграмы "Контуры" на тэлеканале АНТ.

А як адрэагавалі на заяву Аляксандра Лукашэнкі ў міністэрствах?

Кіраўнік аддзела па сувязях з грамадскасцю Міністэрства эканомікі Віктар Еўтухоў здзіўляецца пытанню Еўрарадыё, маўляў, якія планы па скарачэнні могуць быць, калі кіраўнік краіны даручыў гэта толькі некалькі дзён таму. А хуткасць Шапіры — гэта таму, што скарачэнне чыноўнікаў было ініцыяванае ім.

“Натуральна, усе разумеюць, што пэўная аптымізацыя непазбежная, — кажа прэс-сакратарка Міністэртва культуры Ілона Немава. — Але дакладных планаў і задач пакуль не ставілася. Нічога дакладнага пра тое, якая ў нас будзе структура, як будзе выглядаць гэтая схема аптымізацыі, пакуль агучыць не можам”.

Міністэрства фінансаў з’яжджае на тое, што даручэнне кіраўнік краіны даваў канкрэтным асобам — Кабякову, Шапіры і Косінцу. Маўляў, яны і мусяць вырашаць, каго ды як скарачаць. Але ў прэс-службе Адміністрацыі прэзідэнта “не маюць што пракаментаваць на гэты конт”. Не ведае пра скарачэнне і прэс-сакратар Міністэрства юстыцыі Вольга Мурашкоўская:

“Пра гэта вядуцца размовы паўсюль, але я не ведаю, каб да нас прыходзілі нейкія дакладныя распараджэнні. Калі яно будзе, то будзем выконваць. А пакуль, на жаль, ніякай інфармацыі вам даць не магу, бо ў мяне яе няма”.

Пры гэтым усе міністэрствы разумеюць неабходнасць аптымізацыі, але праводзіць яе не вельмі спяшаюцца.

Па дадзеных Белстата ў Беларусі 49 326 дзяржаўных служачых. Амаль 6 тысяч чыноўнікаў працуе ў адміністрацыі прэзідэнта, столькі ж працуе ў выканаўчай уладзе, у судах — каля трох тысяч дзяржаўных служачых, парламент абслугоўвае амаль 500 чалавек, а вось у міністэрствах краіны працуе больш за 21 тысячу чалавек. Цікава, што сярод іх толькі 30 % — мужчыны.          

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі