Апублікавана расследаванне аб катаваннях у Савецкім РУУС Мінска ў жніўні 2020-га
Затрыманыя ў Савецкім РУУС Мінска ў 2020 годзе
Жорсткія збіцці, катаванні і бесчалавечнае абыходжанне ўжывалі ў Савецкім РУУС Мінска ў адносінах да затрыманых удзельнікаў пратэстаў у 2020 годзе. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні, якое падрыхтавалі Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі і праваабарончая арганізацыя "Прававая ініцыятыва". Дакумент распавядае пра тое, што адбывалася ў Савецкім РУУС Мінска ў дзень і пасля выбараў прэзідэнта (9-13 жніўня 2020 года).
Аўтары даследавання вывучылі 52 індывідуальныя інтэрв'ю (568 старонак тэксту), а таксама фатаграфіі, медыцынскія і іншыя дакументы (137 старонак). На падставе гэтых дадзеных яны прыйшлі да высновы, што ў гэты перыяд на тэрыторыі і ў памяшканнях Савецкага РУУС знаходзіліся каля 400-600 чалавек. Сюды траплялі людзі, якіх затрымалі ў цэнтры горада – у раёне ўніверсама "Рыга" на вуліцы Сурганава, рэстарана "Журавінка", на праспекце Незалежнасці, на вуліцах Няміга, Казлова і іншых.
"З-за плота РУУС у гэтыя дні чуліся немыя крыкі, просьбы аб дапамозе, плач скатаваных людзей. У сетцы інтэрнэт з'явілася некалькі запісаў аўдыё і відэа, якія фіксуюць здзекі з людзей у Савецкім РУУС", адзначаюць аўтары раследавання. Яны прыводзяць апавяданні людзей, якія знаходзіліся ў тыя дні ў гэтым РУУС. Умовы ўтрымання былі настолькі жудаснымі і невыноснымі, а стаўленне да затрыманых жорсткім і бесчалавечным, што некаторыя з іх параўноўваюць РУУС з фашысцкім канцлагерам. "Хадзілі з аўтаматамі. Адчуванне было, што трапіў у канцлагер. Перадзергвалі затворы аўтаматаў і пагражалі расстраляць усіх, калі хоць хтосьці пабяжыць", — распавядае адзін з апытаных.
"Адзін хлопец стаяў каля нас, і ў яго было нешта з рэбрамі, магчыма, зламаныя пры затрыманні, і ён пачаў губляць прытомнасць... праз некаторы час яго забралі, але яны не дапамагалі яму ісці, а проста цягнулі яго па зямлі", — прыводзіцца яшчэ адно сведчанне.
Медыцынская дапамога збітым, параненым і хворым людзям не аказвалася, Сродкі гігіены не выдаваліся, доступ да прыбіральні і пітной вады быў абмежаваны. "Усю ноч не вадзілі ў туалет, гадзін у 9-10 раніцы, калі прыйшлі курсанты, пачалі вадзіць у туалет і даваць ваду, 2 ці 3 бутэлькі на сотню чалавек", — кажа апытаны.
"Самае цяжкае было не тое, што было пры збіцці, а тое, што было ў РУУС, таму што на працягу 17 гадзін мы стаялі ў розных жудасных нязручных позах — галавой уніз і рукі на плот. Калі ты прыбіраеш руку ці разгінаешся, то да цябе падыходзіў нейкі чалавек, мабыць гэта быў начальнік, і біў палкай, каму па нагах, каму па спіне", — распавядаюць апытаныя.
У расследаванні таксама названыя імёны 22 людзей, адказных за катаванні ў РУУС. Сярод іх — начальнік РУУС Савецкага раёна Сяргей Каліннік, яго намеснік па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Цімур Кесель і іншыя супрацоўнікі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.