Апублікаваны праект закона па пазбаўленні беларускага грамадзянства
Пашпарт Рэспублікі Беларусь / "Белсат"
На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны праект закона аб пазбаўленні грамадзянства Беларусі.
Беларусам, якія маюць грамадзянства ці від на жыхарства іншай краіны або іншы дакумент, які дае льготы (напрыклад, “карта паляка“), трэба паведаміць пра гэта ў органы ўнутраных спраў або дыпслужбу на працягу трох месяцаў з дня атрымання.
Грамадзянства Беларусі могуць пазбавіць, калі набыў моц прысуд, які пацвярджае ўдзел чалавека ў “экстрэмісцкай дзейнасці” альбо “нанясенне ім цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь”, а сам уладальнік пашпарта знаходзіцца па-за межамі Беларусі.
То бок, “збеглага экстрэміста” завочна судзяць, а пазней — пазбаўляюць грамадзянства.
Асужданых за некаторыя злачынствы (масавыя беспарадкі, наёмніцтва, тэрарызм і г.д.) маглі пазбаўляць грамадзянства і раней. Падставай называліся 24 артыкулы Крымінальнага кодэкса. Цяпер такіх артыкулаў стала 55 — у іх лік увайшлі заклікі да санкцый, адмова генацыду беларускага народу, стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім ды іншыя артыкулы, па якіх у Беларусі судзяць палітычных апанентаў рэжыму.
Законапраект трапіў на разгляд у Палату прадстаўнікоў. Яго павінны прыняць у двух чытаннях. Пасля гэтага дакумент пойдзе ў Савет Рэспублікі, а потым на подпіс да Аляксандра Лукашэнкі.
Пасля гэтага дакумент набудзе моц праз паўгода пасля яго афіцыйнага апублікавання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.