Арэнднае жыллё аддалі праграмістам па рэзалюцыі Лукашэнкі
Айцішнікі з заробкам у 1600 долараў будуць плаціць за жыллё ўдвая танней за студэнтаў.
Першыя два арэндныя дамы ў Мінску дасталіся праграмістам ды іншым айцішнікам з сярэднім заробкам у 1600 долараў. Здавалася б, з такім прыбыткам можна і самім здымаць.
“Па рэзалюцыі кіраўніка дзяржавы дадзеныя арэндныя дамы былі для рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, для іх супрацоўнікаў. А яны ўжо самі высвятлялі, хто будзе засяляць туды сваіх супрацоўнікаў, каму патрэбна паляпшаць жыллёвыя ўмовы”, — адказваюць Еўрарадыё ў адміністрацыі Першамайскага раёна, дзе “выраслі” арэндныя дамы.
Жыхары арэндных дамоў цяпер будуць жыць каля працы. Засялілі тых, хто поруч будуе офісы.
“У гэтыя дамы засяляюць супрацоўнікаў тых кампаній, офісы якіх будуюцца на тэрыторыі Парка высокіх тэхналогій. Каб людзі жылі і працавалі поруч”, — расказваюць у Парку высокіх тэхналогій.
І дадаюць, што жыллё ад горада, якое будавалася за кошт бюджэту, атрымалі па ініцыятыве саміх уладаў сталіцы. Каб не далі, маглі б пабудаваць самі.
“Гэта была не наша ініцыятыва. Гэта горад захацеў пабудаваць два арэндныя дамы. Калі б гэта не горад будаваў, гэта быў бы кааператыў і пабудаваліся б супрацоўнікі нашай кампаніі і было б нават лепш. Бо кватэры былі б ва ўласнасці, бо часовае жыллё — гэта часовае жыллё”, — тлумачаць у Парку высокіх тэхналогій.
І сапраўды, па правілах, як толькі супрацоўнік звальняецца з кампаніі — рэзідэнта Парка, ён мусіць пакінуць сваё арэнднае жыллё.
Тэсціроўшчык Мікалай атрымоўвае ў арэнду ад Парка двухпакаёўку. Разлічвае, што на кватэру пойдзе каля 1,5 мільёна на месяц.
“Я разлічваю сысці ў плюс дзесьці на 100 долараў. Але ўлічваючы рост коштаў на рынку, і ўлічваючы стан кватэры, дзе я цяпер жыву, то мяне ўсё задавальняе”, — расказвае Мікалай.
І дадае, што зарабляе менш за сярэднія 1,6 тысяч долараў па Парку высокіх тэхналогій.
Двухпакаёўка, дзе ён жыве сёння каштуе 270 долараў на месяц, без камуналкі. Пасля пераезду, калі верыць уладам горада, двухпакаёўка ў новым доме абыдзецца ў 170 долараў.
Знаходзім абвестку пра арэнду кватэры ў звычайным, не арэндным доме. За двухпакаёўку каля станцыі метро “Партызанская” просяць 400 долараў. Удвая даражэй, атрымоўваецца. Але ахвотных зняць кватэру студэнтаў хапае, хутка даражэе.
Цяпер, па словах старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі, у Мінску будуюцца яшчэ тры арэндныя дамы. А агулам сёлета ў Мінску плануюць пабудаваць 1 мільён квадратных метраў жылля.
Вось так засяляліся ў першыя арэндныя дамы:
На галоўным фота - першыя арэндныя дамы ў Мінску
Фота: tut.by