Арэнднае жыллё чыноўнікам дадуць толькі на час працы
Адпаведны ўказ падпісаў кіраўнік дзяржавы.
17 лістапада Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №535 аб мерах па рэалізацыі ўказа ад 16 снежня 2013 года №563 "Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін".
Стары ўказ датычыў жытла для дзяржслужбоўцаў. У прыватнасці, ён вызначаў катэгорыі грамадзян, якія маюць першачарговае права на прадастаўленне арэнднага жылля. У іх лік трапілі суддзі, пракурорскія работнікі, а таксама дзяржаўныя службоўцы згодна з пералікам пасад, якія даюць права на атрыманне арэнднага жылля. Сам гэты пералік вызначаецца кіраўніком Беларусі.
Новы ўказ зацвердзіў гэты пералік, адзначае БелаПАН. У адпаведнасці з дакументам, дзяржаўным службоўцам будзе вылучацца арэнднае жытло толькі на перыяд працы.
Акрамя таго, новы ўказ вызначае, колькі павінна каштаваць будаўніцтва або рэканструкцыя 1 кв.м такога арэнднага жытла і як трэба разлічваць аплату за яго карыстанне.
Фота — dorprof-kbsh.ru