Арганізатар канцэртаў: Я ўжо так задзяўбаўся ўзгадняць кожную коску

1 верасня набывае моц указ прэзідэнта “Аб асобных пытаннях арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў”, які вяртае ў Беларусь гастрольныя пасведчанні. Ідэалагічныя аддзелы выканкамаў будуць вырашаць, дазволіць канцэрт ці не. Без іх подпісу арганізатары не змогуць запусціць рэкламу канцэрта і пачаць продаж квіткоў. Акрамя таго, за замежных выканаўцаў давядзецца плаціць у залежнасці ад памераў глядацкай залы.

Сёння яшчэ дзейнічае заяўны прынцып, калі арганізатару дастаткова паведаміць пра сваё мерапрыемства ў выканкам. Але канцэрты на восень плануюцца, а рэкламную кампанію ды продаж квіткоў трэба пачынаць загадзя. Еўрарадыё вырашыла даведацца, з чым сутыкаюцца арганізатары ў пераходны перыяд і як ладзяць мерапрыемствы на будучыню.

“Я ўвогуле не жадаю на гэтую тэму размаўляць, — сходу адразае Павел Кашырын, арганізатар фестывалю “Рок па Вакацыях”. — Хочаш, паразмаўляем пра шакаладныя цукеркі. А пра гэтыя “гастролькі”… я ўжо так задзяўбаўся ўзгадняць кожную кропку з коскай, што не жадаю размаўляць”.

Па ўсім бачна, што сітуацыя складаная! Пагаршаецца яна яшчэ і тым, што упраўленні культуры перайшлі пад кіраванне Упраўленняў ідэалогіі. Адпаведна, людзі, якія раней займаліся канцэртамі, пазбавіліся сваіх пасадаў. А на іх месцы прыйшлі іншыя людзі, ідэолагі.

“Ва ўпраўленні культуры ўжо ведалі арганізатараў, ведалі, як мусяць выглядаць дакументы, якія ім прыносяць, былі ўжо пэўныя ўсталяваныя ўзаемаадносіны, — выказвае хваляванні наконт будучай працы гаспадар хутара “ШабліУладзімір Шаблінскі. — Упраўленне ідэалогіі цяпер пастаўленае перад фактам, што трэба атрымліваць новыя веды. Трэба знаёміцца з арганізатарамі, ведаць, хто з іх добрапрыстойны, а з кім трэба быць напагатове”.

Ва Упраўленні ідэалогіі Еўрарадыё накіроўваюць па старых нумарах Упраўлення культуры, маўляў, пакуль ідзе “аб’яднанне структур ды ўвязка працы”. Праз тыдзень беспаспяховых тэлефанаванняў нам усё ж называюць імя адказнага за арганізацыю канцэртаў пасля звальнення Уладзіміра Анціповіча. Праўда, Аляксандр Мартунчык — не самы гаваркі чыноўнік і даволі скупы на тлумачэнні:

Еўрарадыё: “Хочам арганізаваць канцэрт у верасні, але рэкламу пачынаць збіраемся ўжо цяпер, як і што нам варта для гэтага рабіць?”

Аляксандр Мартунчык: “Справа ў тым, што пакуль яшчэ дзейнічае Указ нумар 542, правільна? То бок дастаткова апавяшчэння. Але з 1 верасня ўжо будзе дзейнічаць 257-ы Указ. І ў мяне няма ні правоў, ні паўнамоцтваў каментаваць нарматыўна-прававыя акты!”

Еўрарадыё: “І тым не менш, што мне рабіць у маёй сітуацыі? Спачатку прынесці вам апавяшчэнне, а потым у верасні ісці да вас па гастрольку?”

Аляксандр Мартунчык: “Да 31 жніўня дзейнічае 542 ўказ, зваротнай моцы ён не мае. На гэты конт мне дадаць няма чаго. Таксама ад 1 верасня пачне дзейнічаць пастанаўленне №708, паводле якога выдача гастрольных пасведчанняў трапляе ў спіс адміністрацыйных працэдур. То бок, усё будзе адбывацца праз службу “Адно вакно”, якая знаходзіцца каля аддзела па зваротах грамадзян Мінгарвыканкама”.

Дырэктар клуба Re:Public Андрэй Старцаў заўсёды складае графік канцэртаў адразу на ўвесь месяц. Бо можна ўсё разам аднесці ды ўзгадніць, так значна прасцей. Праўда, у “пераходны” перыяд з некаторымі мерапрыемствамі на верасень даводзіцца перастрахавацца, каб потым не ўзнікла нечаканых праблем ці адмен.

“У нас былі пытанні па некаторых канцэртах, напрыклад, шведскія дэз-металісты Hypocrisy 17 верасня, — распавядае Андрэй Старцаў. — Каб не было пытанняў, мы звярнуліся ў Рэспубліканскую камісію па барацьбе з прапагандай гвалту ды парнаграфіі. Па кожным канцэрце мы атрымалі заключэнне. Потым абмеркавалі гэта ўсё ў Галоўным упраўленні ідэалогіі і завочна атрымалі згоду”.

Андрэй Старцаў дадае, што ўсе гэтыя працэдуры не дадаюць аптымізму і радасці, але перакананы, што ўжо праз месяц усё стане на патрэбныя рэйкі і запрацуе напоўную.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі